Бц 7
 1  І сказаў ГОСПАД Ною: “Увайдзі ты і ўвесь дом твой у каўчэг, бо ўбачыў Я цябе праведным перад абліччам Маім у пакаленьні гэтым. 
 2  З усякай скаціны чыстай вазьмі з сабою сем самцоў і сем саміц, а са скаціны нячыстай — па двое, самца і саміцу. 
 3  Таксама з птушак паднебных — сем мужчынскага [роду] і сем жаночага, каб захаваць жывым насеньне [іхняе] на абліччы ўсёй зямлі. 
 4  Бо праз сем дзён Я выльлю дождж на зямлю сорак дзён і сорак начэй, і вынішчу ўсе жывыя істоты, якія Я зрабіў, з аблічча зямлі”. 
 5  І зрабіў Ной усё, што загадаў яму ГОСПАД. 
 6  І Ною было шэсьцьсот гадоў, і патоп водны быў на зямлю. 
 7  І ўвайшоў Ной, і сыны ягоныя, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных з ім у каўчэг ад вады патопу. 
 8  Са скаціны чыстай і са скаціны, якая нячыстая, з птушак і з усяго, што поўзае па зямлі, 
 9  па пары ўвайшлі ў каўчэг да Ноя, мужчынскага [роду] і жаночага, як Бог загадаў Ною. 
 10  І сталася праз сем дзён, што вада патопу была на зямлі. 
 11  У шэсьцьсотым годзе жыцьця Ноя, у другім месяцы, у сямнаццаты дзень месяца, у гэты дзень выбіліся ўсе жаролы вялікай бездані, і вокны нябесныя адчыніліся, 
 12  і ішоў дождж на зямлю сорак дзён і сорак начэй. 
 13  У гэты самы дзень увайшоў у каўчэг Ной, і Сэм, і Хам, і Яфэт, сыны Ноя, і жонка Ноя, і тры жонкі сыноў ягоных з імі. 
 14  Яны, і ўсякія зьвяры паводле гатунку свайго, і ўсякая скаціна паводле гатунку свайго, і ўсякія паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, паводле гатунку свайго, і ўсякія птушкі паводле гатунку свайго, усё птаства, усе крылатыя. 
 15  І ўвайшлі яны па двое ў каўчэг да Ноя, па двое з кожнага цела, у якім быў дух жыцьця. 
 16  І ўвайшоўшыя былі мужчынскага [роду] і жаночага з усякага цела, як загадаў Бог. І зачыніў ГОСПАД за ім [каўчэг]. 
 17  І стаўся патоп на зямлі сорак дзён, і разьліліся воды, і паднялі каўчэг, і ён узвысіўся над зямлёю. 
 18  І падымаліся воды, і вельмі ўзьняліся над зямлёю, і каўчэг плаваў па абліччы водаў. 
 19  І вельмі моцна падняліся воды над зямлёю, і закрылі ўсе высокія горы, якія ёсьць пад усім небам. 
 20  На пятнаццаць локцяў угору падняліся воды, і закрылі горы. 
 21  І пагінула ўсякае цела, якое рухаецца па зямлі: і птушкі, і скаціна, і зьвяры, і ўсе паўзуны, што поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі. 
 22  Усе, якія мелі дыханьне духа жыцьця ў ноздрах сваіх, усе, што былі на сухазем’і, —паўміралі. 
 23  І вынішчыў [Бог] усякую жывую істоту, якая была на абліччы зямлі, ад чалавека да скаціны, да паўзуноў і да птушак паднебных, і былі яны вынішчаны з зямлі. І застаўся толькі Ной і тыя, што былі з ім у каўчэгу. 
 24  І падымаліся воды над зямлёю сто пяцьдзясят дзён.