Бц 6
 1  І сталася, што людзі пачалі множыцца на абліччы зямлі, і нарадзіліся ім дочкі. 
 2  І бачылі сыны Божыя дочак чалавечых, што яны прыгожыя, і ўзялі сабе за жонак усіх, якіх абралі. 
 3  І сказаў ГОСПАД: “Ня будзе Дух Мой змагацца ў чалавеку вечна, бо ён — цела. І будуць дні ягоныя сто дваццаць гадоў”. 
 4  У тыя дні нэфілімы жылі на зямлі, а таксама пазьней, калі сыны Божыя прыходзілі да дочак чалавечых, і тыя ім нараджалі. Былі гэта волаты, ад вякоў мужы слаўныя. 
 5  І бачыў ГОСПАД, што вялікае зло [сярод] людзей на зямлі, і што ўсе намеры думак сэрца іхняга — толькі на зло ўсякі дзень. 
 6  І пашкадаваў ГОСПАД, што зрабіў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім. 
 7  І сказаў ГОСПАД: “Зьнішчу чалавека, якога стварыў, з аблічча зямлі, ад чалавека да скаціны, да паўзуна, да птушкі паднебнай, бо шкадую, што зрабіў іх”. 
 8  А Ной знайшоў ласку ў вачах ГОСПАДА. 
 9  Вось радавод Ноя. Ной быў чалавек праведны і беззаганны ў пакаленьні сваім. Ной хадзіў з Богам. 
 10  І нарадзіў Ной трох сыноў: Сэма, Хама і Яфэта. 
 11  І сапсаваная была зямля перад абліччам Бога, і напоўнілася зямля ліхадзействам. 
 12  І бачыў Бог зямлю, і вось, яна сапсаваная, бо кожнае цела скрывіла шлях свой на зямлі. 
 13  І сказаў Бог Ною: “Канец усякаму целу прыйшоў перад аблічча Маё, бо зямля напоўнілася ліхадзействам праз іх. І вось, Я вынішчу іх з зямлі. 
 14  Зрабі сабе каўчэг з дрэва гафэр; зробіш у каўчэгу перагародкі і пацягні яго смалой звонку і знутры. 
 15  Вось так маеш зрабіць яго: трыста локцяў даўжыня каўчэга, пяцьдзясят локцяў шырыня яго і трыццаць локцяў вышыня яго. 
 16  Зробіш вакно ў каўчэгу, і ў локаць скончыш яго ўгары. Уваход у каўчэг разьмесьціш з боку яго; ніжні, другі і трэці [паверхі] зробіш у ім. 
 17  І вось, Я ўзьвяду патоп водны на зямлю, каб вынішчыць пад небам усякае цела, у якім ёсьць дух жыцьця. Усё, што на зямлі, — загіне. 
 18  І Я заключу запавет Мой з табою, і ўвойдзеш у каўчэг ты, і сыны твае, і жонка твая, і жонкі сыноў тваіх з табою. 
 19  І з усяго жывога, з кожнага цела прывядзеш па пары ў каўчэг, каб засталіся жывыя з табою, мужчынскага [роду] і жаночага няхай яны будуць. 
 20  З птушак паводле гатункаў іх, са скаціны паводле гатунку яго і з усіх паўзуноў зямных паводле гатункаў іх, з усіх па двое ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя. 
 21  І ты вазьмі сабе ўсякай ежы, якою яны кормяцца, і зьбяры яе да сябе; і будзе яна для цябе і для іх ежаю”. 
 22  І зрабіў Ной; усё, што загадаў яму Бог, так ён і зрабіў.