Адкр 16
 1  І пачуў я голас вялікі з бажніцы, які казаў да сямі анёлаў: «Ідзіце і выліце чары ярасьці Божай на зямлю». 
 2  І пайшоў першы, і выліў чару сваю на зямлю, і сталіся благія і балючыя скулы ў людзей, якія мелі пазнаку зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму. 
 3  І другі анёл выліў чару сваю ў мора, і сталася кроў, быццам мёртвага, і ўсякая душа жывая памерла ў моры. 
 4  І трэці анёл выліў чару сваю ў рэкі і крыніцы водаў, і сталася кроў. 
 5  І пачуў я анёла водаў, які казаў: «Праведны Ты, Госпадзе, Які ёсьць, і Які быў, і Сьвяты, што прысудзіў гэтак, 
 6  бо кроў сьвятых і прарокаў яны вылілі, і кроў Ты даў ім піць, бо яны вартыя гэтага». 
 7  І пачуў я іншага, які казаў з ахвярніку: «Так, Госпадзе, Божа Ўсеўладны, слушныя і праведныя суды Твае». 
 8  І чацьвёрты анёл выліў чару сваю на сонца, і дадзена яму паліць людзей у агні. 
 9  І паліла людзей вялікая сьпёка, і блюзьнілі яны на імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, каб даці Яму славу. 
 10  І пяты анёл выліў чару сваю на пасад зьвера, і сталася, што валадарства ягонае зацемрылася, і яны кусалі языкі свае ад болю 
 11  і блюзьнілі на Бога Нябеснага дзеля болю свайго і скулаў сваіх, і не навярнуліся ад справаў сваіх. 
 12  І шосты анёл выліў чару сваю ў вялікую раку Эўфрат, і высахла вада ў ёй, каб падрыхтаваны быў шлях для валадароў, што ад усходу сонца. 
 13  І ўбачыў я: з вуснаў цмока, і з вуснаў зьвера, і з вуснаў фальшывага прарока — тры духі нячыстыя, падобныя да жабаў, 
 14  бо гэта — духі дэманаў, якія чыняць знакі, якія зыходзяць на валадароў зямлі і ўсяго сусьвету, каб сабраць іх на вайну ў той дзень вялікі Бога Ўсеўладнага. 
 15  «Вось, прыходжу, як злодзей. Шчасьлівы той, які чувае і захоўвае адзеньне сваё, каб не хадзіць яму голым, і каб ня бачылі непрыстойнасьці ягонай». 
 16  І сабраў ён іх у месцы, якое па-гебрайску называецца Армагедон. 
 17  І сёмы анёл выліў чару сваю на паветра, і выйшаў голас вялікі з бажніцы нябеснай, ад пасаду, які казаў: «Сталася!» 
 18  І сталіся галасы, і грымоты, і маланкі, і землятрус стаўся вялікі, якога ня было ад [часоў], як зьявіліся людзі на зямлі. Гэткі землятрус! Такі вялікі! 
 19  І распаўся горад вялікі на тры часткі, і гарады паганаў заваліліся; і Бабілон вялікі быў узгаданы перад Богам, каб даць яму келіх віна ярасьці гневу Ягонага. 
 20  І кожны востраў уцёк, і гары не знайшлося. 
 21  І град вялікі, як таленты, зыйшоў з неба на людзей, і блюзьнілі людзі на Бога за плягу граду, бо вельмі вялікая была пляга гэтая.