Пс 102
 1  Малітва прыгнечанага, калі ён зьнемагаў і перад ГОСПАДАМ вылівае смутак свой. 
 2  ГОСПАДЗЕ, пачуй малітву маю, і лямант мой няхай дойдзе да Цябе! 
 3  Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень уціску, прыхілі да мяне вуха Тваё ў дзень, калі клічу; хутчэй адкажы мне. 
 4  Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае выпаленыя як у гарне. 
 5  Скошанае як трава і высахлае сэрца маё, ажно забываюся я есьці хлеб свой. 
 6  Ад голасу ўздыханьня майго косткі мае прыляпіліся да цела майго. 
 7  Я падобны да пэлікана ў пустыні, стаўся як пугач сярод спусташэньня. 
 8  Я ня сплю і стаўся як птушка самотная на даху. 
 9  Увесь дзень зьняважаюць мяне ворагі мае; тыя, што сьмяюцца з мяне, запрысягнуліся супраць мяне. 
 10  Бо я ем попел як хлеб, і напой мой са сьлязамі мяшаю 
 11  праз гнеў [Твой] і абурэньне, бо Ты падняў мяне і кінуў. 
 12  Дні мае, быццам цені, зьнікаюць, і я сохну, быццам трава. 
 13  А Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш жыць на вякі, і памяць Твая — з пакаленьня ў пакаленьне. 
 14  Ты паўстанеш, зьлітуешся над Сыёнам, бо час дараваць яму, бо прыйшла пара. 
 15  Бо слугі Твае маюць ласку да камянёў ягоных і літасьць — над пылам ягоным. 
 16  І будуць баяцца народы імя ГОСПАДА, і ўсе валадары зямныя — славы Тваёй, 
 17  бо адбудаваў ГОСПАД Сыён і даў убачыць Сябе ў славе Сваёй. 
 18  Ты прыхіліўся да малітвы прыніжанага і не пагардзіў малітвамі іхнімі. 
 19  Будзе запісана гэтае будзе для пакаленьня наступнага, і народ, які будзе створаны, будзе хваліць ГОСПАДА, 
 20  бо Ён глянуў з вышыні сьвятасьці Сваёй, паглядзеў ГОСПАД з нябёсаў на зямлю, 
 21  каб пачуць стогны вязьня, каб вызваліць сыноў, сказаных на сьмерць, 
 22  каб апавядалі на Сыёне імя ГОСПАДА, і хвалу Ягоную — ў Ерусаліме, 
 23  калі разам зьбяруцца народы і валадарствы, каб служыць ГОСПАДУ. 
 24  Змардаваў Ён у дарозе сілу маю, скараціў дні мае. 
 25  Я кажу: “Божа мой, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! З пакаленьня ў пакаленьне гады Твае! 
 26  Здаўна Ты заснаваў зямлю, і нябёсы — твор рук Тваіх. 
 27  Яны згінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як адзеньне, спарахнеюць, як вопратку іх пераменіш, і яны пераменяцца; 
 28  а Ты — Той самы, і гады Твае ня маюць канца! 
 29  Сыны слугаў Тваіх будуць жыць, і насеньне іхняе будзе ўмацаванае перад абліччам Тваім.