Пс 75
 1  Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!”. Псальм Асафа. Сьпеў. 
 2  Славім мы Цябе, Божа, славім, і тыя, што блізкія да імя Твайго, абвяшчаюць цуды Твае. 
 3  “Калі Я прызначу [месца] спатканьня, Я буду судзіць паводле справядлівасьці. 
 4  Калі растапляецца зямля і ўсе, хто жыве на ёй, Я ўзважваю слупы яе. (Сэлях) 
 5  Я кажу да тых, што хваляцца сабою: “Не хваліцеся!” і да бязбожных: “Не падыймайце рогі! 
 6  Не падыймайце высока рогі свае, не прамаўляйце, дзёрзка [трымаючы] шыю!” 
 7  Бо ані з усходу, ані з захаду, ані з пустыні вывышэньне, 
 8  але Бог ёсьць Судзьдзя, гэтага Ён паніжае, а таго вывышае. 
 9  Бо ў руцэ ГОСПАДА келіх з віном, якое пеніцца; ён поўны напою зьмяшанага, і Ён з яго налівае, але толькі фуз яго піць будуць усе бязбожнікі на зямлі. 
 10  А я буду апавядаць [пра гэта] вечна, буду выслаўляць Бога Якуба. 
 11  І ўсе рогі бязбожнікам я адсяку, і будуць узьнятыя рогі праведнага.