Мц 11
 1  І сталася, як скончыў Ісус загадваць дванаццаці вучням Сваім, пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у гарады іхнія. 
 2  Ян жа, пачуўшы ў вязьніцы пра дзеяньні Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх 
 3  сказаць Яму: «Ці Ты — Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?» 
 4  І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ідзіце, паведаміце Яну, што чуеце і бачыце: 
 5  сьляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім дабравесьціцца. 
 6  І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне». 
 7  Калі ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае? 
 8  Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць мяккія шаты, знаходяцца ў дамах валадарскіх. 
 9  Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока. 
 10  Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”. 
 11  Сапраўды кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Валадарстве Нябесным большы за яго. 
 12  Ад дзён Яна Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і людзі гвалтоўныя захопліваюць яго. 
 13  Бо ўсе Прарокі і Закон прарочылі да Яна. 
 14  І калі маеце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці. 
 15  Хто мае вушы слухаць, няхай слухае. 
 16  Да каго прыраўняю пакаленьне гэтае? Яно падобнае да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць да таварышаў сваіх, 
 17  і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”. 
 18  Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць: “Дэмана мае”. 
 19  Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажуць: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”. І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе». 
 20  Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш сталася цудаў Ягоных, за тое, што яны не навярнуліся: 
 21  «Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і ў попеле навярнуліся. 
 22  Аднак кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень суду, чым вам. 
 23  І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш, бо калі б у Садоме сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў табе, ён застаўся б да гэтага дня. 
 24  Аднак кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень суду, чым табе». 
 25  У той час, адказваючы, Ісус сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. 
 26  Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе. 
 27  Усё Мне аддадзена Айцом Маім, і ніхто не спазнаў Сына, акрамя Айца; і ніхто не спазнаў Айца, акрамя Сына і каму Сын пастанавіў адкрыць. 
 28  Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супачынак. 
 29  Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я — ціхі і пакорнага сэрца, і знойдзеце супачынак душам вашым. 
 30  Бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі».