Лк 4
 1  Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся з Ярдану і быў паведзены Духам у пустыню. 
 2  Там сорак дзён Ён быў спакушаны д’яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захацеў есьці. 
 3  І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты — Сын Божы, скажы гэтаму камяню, каб ён стаўся хлебам». 
 4  І адказаў яму Ісус, кажучы: «Напісана, што ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам Божым». 
 5  І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе валадарствы сусьвету ў імгненьне часу. 
 6  І сказаў Яму д’ябал: «Дам Табе ўладу над усім гэтым і славу іхнюю, бо яна мне аддадзена, і я, каму хачу, даю яе. 
 7  Дык калі Ты паклонішся мне, усё будзе Тваё». 
 8  І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы”». 
 9  І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на вільчаку сьвятыні, і сказаў Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься адгэтуль уніз, 
 10  бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе ўсьцерагчы Цябе”, 
 11  і: “На руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”». 
 12  І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сказана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”». 
 13  І, скончыўшы ўсё спакушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго да пары. 
 14  І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй ваколіцы. 
 15  І вучыў Ён у сынагогах іхніх, і ад усіх быў слаўлены. 
 16  І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле звычаю Свайго ў дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць. 
 17  І далі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана: 
 18  «Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздараўляць скрышаных сэрцам, абвяшчаць вязьням вызваленьне і сьляпым — вяртаньне зроку, пусьціць змучаных на свабоду, 
 19  і абвяшчаць год Госпадаў прыемны». 
 20  І, згарнуўшы кнігу, аддаў паслугачу і сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго. 
 21  А Ён пачаў гаварыць ім: «Сёньня споўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых». 
 22  І ўсе засьведчылі Яму гэта, і зьдзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і гаварылі: «Ці не Язэпаў гэта сын?» 
 23  І Ён сказаў ім: «Вядома, вы скажаце Мне гэткую прыповесьць: “Лекару, аздараві Самога Сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, сталася ў Капэрнауме”». 
 24  І сказаў: «Сапраўды кажу вам: Ніводзін прарок не прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй. 
 25  Праўдзіва кажу вам: Шмат удоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі было зачынена неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі; 
 26  і ані да аднае з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую. 
 27  І шмат было пракажоных у Ізраілю пры прароку Элісею, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, акрамя Нэемана Сірыйца». 
 28  І ўсе ў сынагозе напоўніліся ярасьцю, пачуўшы гэтае, 
 29  і, устаўшы, выгналі Яго навонкі з гораду, і павялі Яго на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны горад іхні, каб скінуць Яго, 
 30  але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў. 
 31  І прыйшоў у Капэрнаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у суботы. 
 32  І дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо з уладаю былі словы Яго. 
 33  І быў у сынагозе чалавек, які меў духа дэмана нячыстага, і ён загаласіў моцным голасам, 
 34  кажучы: «Аёй! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас. Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы». 
 35  І забараніў яму Ісус, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» І, кінуўшы яго на сярэдзіну, дэман выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму. 
 36  І ахапіў усіх страх, і гутарылі між сабою, кажучы: «Што гэта за слова такое, што з уладаю і моцаю Ён загадвае духам нячыстым, і яны выходзяць?» 
 37  І разыйшлася чутка пра Яго па ўсіх вакалічных месцах. 
 38  Выйшаўшы ж з сынагогі, Ён прыйшоў у дом Сымона. А цешча Сымонава была ў моцнай гарачцы, і прасілі Яго за яе. 
 39  І, стаўшы каля яе, Ён забараніў гарачцы, і пакінула яе, а яна, адразу ўстаўшы, паслугавала ім. 
 40  Пры захадзе сонца ўсе, якія мелі хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, усклаўшы на кожнага з іх рукі, аздаравіў іх. 
 41  Выганяў таксама дэманаў з многіх, якія крычалі і казалі: «Ты — Хрыстос, Сын Божы». І Ён забараняў ім казаць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос. 
 42  А калі настаў дзень, Ён, выйшаўшы, пайшоў у пустыннае месца, і натоўпы шукалі Яго, і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб не ішоў ад іх. 
 43  А Ён сказаў ім: «І ў другіх гарадах Я мушу дабравесьціць Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы». 
 44  І абвяшчаў у сынагогах Галілейскіх.