Бц 26
 1  I была голад у зямлі той, апрача першага голаду, які быў за дзён Абрагама. І пайшоў Ісаак да Абімэлеха, валадара Філістынскага, у Герар. 
 2  I зьявіўся яму ГОСПАД, і сказаў: “Не зыходзь у Эгіпет; жыві ў зямлі, пра якую скажу табе. 
 3  Жыві ў зямлі гэтай; і Я буду з табою, і дабраслаўлю цябе; бо табе і насеньню твайму Я дам усе краіны гэтыя, і споўню прысягу, якой Я прысягаў Абрагаму, бацьку твайму. 
 4  I памножу насеньне тваё, як зоркі ў небе, і дам насеньню твайму ўсе краіны гэтыя; і дабраславяцца ў насеньні тваім усе народы зямлі, 
 5  таму што Абрагам паслухаў голасу Майго і захоўваў загады Мае, прыказаньні Мае, пастановы Мае і законы Мае”. 
 6  I пасяліўся Ісаак у Герары. 
 7  I пыталіся людзі месца таго пра жонку ягоную, і ён сказаў: “Яна — сястра мая”, бо баяўся сказаць: “жонка мая”, каб не забілі яго людзі месца таго за Рэбэку, бо яна была прыгожая з выгляду. 
 8  I сталася, калі доўгія былі там дні ягоныя, глянуў Абімэлех, валадар Філістынскі, праз вакно, і ўбачыў, а вось, Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю. 
 9  I паклікаў Абімэлех Ісаака, і сказаў: “Дык яна — жонка твая! А чаму ж ты казаў: “Яна — сястра мая”?” I сказаў яму Ісаак: “Бо я сказаў: “Каб я не памёр праз яе””. 
 10  I сказаў Абімэлех: “Што гэта ты нарабіў нам? Яшчэ б трохі, і мог бы легчы нехта з народу з жонкаю тваёю, і ты прывёў бы на нас віну”. 
 11  I загадаў Абімэлех усяму народу, кажучы: “Хто дакранецца да гэтага чалавека і да жонкі ягонае, той сьмерцю памрэ”. 
 12  I сеяў Ісак у зямлі той, і знайшоў у той год стакротны ўраджай, і дабраславіў яго ГОСПАД. 
 13  I ставаўся вялікім муж гэты, і ішоў ўгору, і павялічыўся так, што стаў вельмі вялікі. 
 14  I былі ў яго статкі авечак, і статкі валоў, і мноства слугаў, і зайздросьцілі яму Філістынцы. 
 15  I ўсе студні, якія выкапалі слугі бацькі ягонага за дзён Абрагама, бацькі ягонага, засыпалі Філістынцы і запоўнілі пяском. 
 16  I сказаў Абімэлех Ісааку: “Адыйдзі ад нас, бо ты стаўся шмат дужэйшы за нас”. 
 17  I адыйшоў адтуль Ісаак, і паставіў [намёты] каля ручая Герарскага, і жыў там. 
 18  I вярнуўся Ісаак, і адкапаў студні вады, якія былі выкапаныя за дзён Абрагама, бацькі ягонага, і якія засыпалі Філістынцы пасьля сьмерці Абрагама, і назваў іх тымі самымі назвамі, якімі назваў іх бацька ягоны. 
 19  I капалі слугі Ісаака каля ручая, і знайшлі там студню вады жывой. 
 20  I спрачаліся пастухі герарскія з пастухамі Ісаака, кажучы: “Гэта наша вада”, і ён назваў імя студні Эсэк, бо вадзіліся з ім. 
 21  I выкапалі другую студню; і спрачаліся таксама за яе; і ён назваў яе імя Сітна. 
 22  I выбраўся адтуль, і выкапаў іншую студню, і не спрачаліся за яе; і назваў яе імя Рэхабот, і сказаў: “Бо цяпер пашырыў нас ГОСПАД, і мы будзем памнажацца ў гэтай зямлі”. 
 23  Адтуль узыйшоў ён у Бээр-Шэву. 
 24  I зьявіўся яму ГОСПАД у тую ноч, і сказаў: “Я — Бог Абрагама, бацькі твайго. Ня бойся, бо Я з табою; і дабраслаўлю цябе, і памножу насеньне тваё дзеля Абрагама, слугі Майго”. 
 25  I ён збудаваў там ахвярнік, і клікаў імя ГОСПАДА. I паставіў там намёт свой, і выкапалі там слугі Ісаака студню. 
 26  I Абімэлех прыйшоў да яго з Герару, і Ахузат, сябра ягоны, і Піколь, гетман ягоны. 
 27  I сказаў ім Ісаак: “Чаму вы прыйшлі да мяне, вы ж зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе?” 
 28  I яны сказалі: “Мы, гледзячы, ўбачылі, што ГОСПАД з табою, і сказалі мы: “Няхай будзе прысяга паміж намі, паміж намі і табою, і мы заключым запавет з табою, 
 29  і ты ня будзеш рабіць нам ліха, як і мы не дакрануліся цябе, і як мы рабілі табе адно дабро і адпусьцілі цябе ў супакоі, і ты цяпер дабраслаўлёны ГОСПАДАМ”. 
 30  І ён зрабіў для іх гасьціну, і яны елі і пілі. 
 31  I ўсталі нараніцы, і прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго ў супакоі. 
 32  I сталася ў той дзень, прыйшлі слугі Ісаака, і паведамілі яму пра студню, якую яны выкапалі, і сказалі яму: “Мы знайшлі ваду!” 
 33  I ён назваў яе Шыва. Дзеля гэтага імя гораду таго Бээр-Шэва аж да сёньняшняга дня. 
 34  I сталася, што меў Эзаў сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Юдыту, дачку Бээры Хета, і Басэмат, дачку Элёна Хета, 
 35  і былі яны горыччу для духа Ісаака і Рэбэкі.