КНІГА ВЫСЛОЎЯЎ САЛАМОНАВЫХ  
 Выс 1
 1 Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага. 
 2 Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі; 
 3 засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці; 
 4 прастадушным даць кемнасьць, юнаку - веды і разважлівасьць; 
 5 паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады; 
 6 каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія. 
 7 Пачатак мудрасьці - страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем. 
 8 Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй: 
 9 бо гэта - прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю. 
 10 Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся. 
 11 Калі будуць казаць: «ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага, 
 12 жывых праглынем іх, як апраметная, і - цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць; 
 13 набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю; 
 14 далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас»: 
 15 Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй, 
 16 бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць. 
 17 На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка; 
 18 а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае. 
 19 Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка. 
 20 Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас, 
 21 на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё: 
 22 «Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку? 
 23 паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае. 
 24 Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў; 
 25 і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі: 
 26 за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх; 
 27 калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск. 
 28 Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую. 
 29 За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга, 
 30 не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі; 
 31 за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх. 
 32 Бо адступніцтва неразумных заб'е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх. 
 33 А хто мяне слухае, будзе жыць у бясьпецы і спакойна, не баючыся ліха».