Мц 27
 1  А калі настала раніца, усе першасьвятары і старшыні народу мелі нараду адносна Ісуса, каб забіць Яго. 
 2  І, зьвязаўшы Яго, павялі і выдалі Яго Понтыю Пілату, ваяводзе. 
 3  Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Ён асуджаны, пакаяўшыся, зьвярнуў трыццаць срэбнікаў першасьвятарам і старшыням, 
 4  кажучы: «Саграшыў я, выдаўшы кроў бязьвінную». Яны ж сказалі яму: «Што нам да гэтага? Глядзі сам». 
 5  І, кінуўшы срэбра ў бажніцы, ён выйшаў і, адыйшоўшы, павесіўся. 
 6  А першасьвятары, узяўшы срэбра, сказалі: «Нельга кінуць іх у скарбонку, бо яны — цана крыві». 
 7  Зрабіўшы ж нараду, яны купілі за іх поле ганчара, каб хаваць чужынцаў. 
 8  Дзеля гэтага завецца поле тое “полем крыві” аж да сёньня. 
 9  Тады споўнілася сказанае праз Ярэмію прарока, які кажа: «І ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля, 
 10  і далі іх за поле ганчара, як загадаў мне Госпад». 
 11  А Ісус стаў перад ваяводам; і спытаўся ў Яго ваявода, кажучы: «Ты — Валадар Юдэйскі?» Ісус жа сказаў яму: «Ты кажаш». 
 12  І, калі абвінавачвалі Яго першасьвятары і старшыні, Ён нічога не адказваў. 
 13  Тады кажа Яму Пілат: «Ня чуеш, колькі сьведчаць супраць Цябе?» 
 14  І не адказаў яму ніводнага слова, так што ваявода надта дзівіўся. 
 15  А на сьвята ваявода меў звычай вызваляць натоўпу аднаго вязьня, якога яны хочуць. 
 16  Мелі ж тады знакамітага вязьня, называнага Барабба. 
 17  Дык калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я вызваліў вам: Бараббу ці Ісуса, называнага Хрыстом?» 
 18  Бо ведаў, што праз зайздрасьць выдалі Яго. 
 19  Калі ён сядзеў на судовым пасадзе, жонка ягоная паслала да яго, кажучы: «Няма нічога табе і Праведніку Гэтаму, бо я шмат перацярпела сёньня ў-ва сьне дзеля Яго». 
 20  Але першасьвятары і старшыні пераканалі натоўп, каб прасілі Бараббу, а Ісуса загубілі. 
 21  Адказваючы, ваявода сказаў ім: «Каго хочаце з гэтых двух, каб я вызваліў вам?» Яны ж сказалі: «Бараббу». 
 22  Кажа ім Пілат: «Што тады я ўчыню Ісусу, называнаму Хрыстом?» Кажуць яму ўсе: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» 
 23  А ваявода сказаў: «Дык якое зло ўчыніў Ён?» А яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» 
 24  Пілат, бачачы, што няма ніякай рады, але замяшаньне стаецца яшчэ большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Бязьвінны я ў крыві Праведніка Гэтага. Вы глядзіце». 
 25  І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых!» 
 26  Тады ён вызваліў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў, каб быў укрыжаваны. 
 27  Тады жаўнеры ваяводы, узяўшы Ісуса да прэторыі, сабралі на Яго ўсю кагорту. 
 28  І, зьняўшы з Яго [ўсё], усклалі на Яго плашч пунсовы, 
 29  і, сплёўшы вянок з церня, усклалі на галаву Ягоную, і [далі] трысьціну ў правую руку Ягоную, і, кленчучы перад Ім, зьдзекваліся з Яго, кажучы: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!» 
 30  І тыя, што плявалі на Яго, узялі трысьціну, і білі па галаве Ягонай. 
 31  І, калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго плашч, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне. 
 32  А выходзячы, яны знайшлі чалавека Кірэнэйца, на імя Сымон; яго прымусілі, каб нёс крыж Ягоны. 
 33  І прыйшлі на месца, называнае Гальгота, што азначае Месца Чэрапа. 
 34  Яны далі Яму піць воцат, зьмяшаны з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць. 
 35  А тыя, што ўкрыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае праз прарока: «Падзялілі адзеньне маё між сабою і пра вопратку маю кідалі жэрабя». 
 36  І, пасеўшы, пільнавалі Яго там. 
 37  І зьмясьцілі над галавою Яго надпіс пра віну Ягоную: «Гэта Ісус, Валадар Юдэйскі». 
 38  Тады былі ўкрыжаваныя з Ім разам два разбойнікі: адзін — праваруч, а другі — леваруч. 
 39  А тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі 
 40  і кажучы: «Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш, збаў Сябе Самога! Калі Ты — Сын Божы, зыйдзі з крыжа!» 
 41  Таксама і першасьвятары з кніжнікамі і старшынямі, зьдзекуючыся, казалі: 
 42  «Іншых збаўляў, а Сябе ня можа збавіць! Калі Ён — Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, і мы паверым Яму. 
 43  Спадзяваўся на Бога, няхай Ён цяпер выбавіць Яго, калі хоча Яго. Бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”». 
 44  Да таго і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго. 
 45  А ад шостае гадзіны цемра сталася па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае. 
 46  Каля ж дзявятае гадзіны загаласіў Ісус моцным голасам: «Элі! Элі! Лама сабахтані?», што значыць: «Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты Мяне пакінуў?» 
 47  А некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы, казалі: «Ён Ільлю кліча». 
 48  І адразу адзін з іх, пабегшы, і ўзяўшы губку, і напоўніўшы яе воцатам, і ўсклаўшы на трысьціну, даваў Яму піць. 
 49  А іншыя казалі: «Пакінь, паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго». 
 50  А Ісус, зноў усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа. 
 51  І вось, заслона ў бажніцы была разьдзёртая надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася; і скалы разьдзерліся. 
 52  І магілы адчыніліся; і шмат целаў памёршых сьвятых папаўставала, 
 53  і, выйшаўшы з магілаў, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і зьявіліся многім. 
 54  Сотнік жа і тыя, што з ім пільнавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што сталася, страхам напалохаліся, кажучы: «Праўда, Ён — Сын Божы». 
 55  Было там шмат жанчынаў, што глядзелі здалёк, якія ішлі за Ісусам з Галілеі, паслугуючы Яму. 
 56  Між імі былі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба і Ёсіі, і маці сыноў Зэбэдэя. 
 57  А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса. 
 58  Ён, падыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела. 
 59  І, узяўшы цела, Язэп абкруціў Яго чыстай палатнінаю 
 60  і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую ён высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магілу, адыйшоў. 
 61  Былі ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы. 
 62  А на наступны дзень, які пасьля дня прыгатаваньня, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата, 
 63  кажучы: «Пане! Мы ўзгадалі, што падманшчык той, як быў яшчэ жывы, казаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”. 
 64  Дык загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб не прыйшлі вучні Ягоныя ўначы, і ня ўкралі Яго, і не сказалі народу: “Ён уваскрос з мёртвых”. І будзе апошні падман горшы першага». 
 65  Пілат жа прамовіў да іх: «Маеце варту; ідзіце, вартуйце, як ведаеце». 
 66  Яны ж, пайшоўшы, вартавалі магілу з вартаю, запячатаўшы камень.