2 Тэс 3
 1  Нарэшце, маліцеся за нас, браты, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас, 
 2  і каб мы былі выбаўленыя ад нягодных і злых людзей, бо не ў-ва ўсіх вера. 
 3  Але верны Госпад, Які ўмацуе вас і захавае ад злога. 
 4  Мы пэўныя адносна вас у Госпадзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы загадваем вам. 
 5  Няхай Сам Госпад накіруе сэрцы вашыя да любові Божае і цярплівасьці Хрыстовай. 
 6  Загадваем вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цураліся ўсякага брата, які ходзіць свавольна і не паводле традыцыі, прынятай ад нас, 
 7  бо вы самі ведаеце, як трэба насьлядаваць нас, бо мы не сваволілі між вамі, 
 8  таксама дарма ні ў кога хлеба ня елі, але ў працы і стоме рабілі ўначы і ўдзень, каб не абцяжарыць каго з вас, 
 9  не таму, што ня маем улады, але каб сябе саміх даць вам за прыклад дзеля перайманьня нас. 
 10  Бо калі мы былі ў вас, дык загадалі вам: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць. 
 11  Але чуем, што некаторыя ў вас ходзяць свавольна, нічога ня робяць, але мітусяцца. 
 12  Гэтакім загадваем і молім у Госпадзе нашым Ісусе Хрысьце, каб яны, працуючы моўчкі, елі свой хлеб. 
 13  А вы, браты, не журыцеся, робячы дабро. 
 14  Калі ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго мейце на прыкмеце і ня мейце справы з ім, каб быў асаромлены; 
 15  але не лічыце яго за ворага, але настаўляйце, як брата. 
 16  Сам жа Госпад супакою няхай дасьць вам супакой заўсёды і ў-ва ўсім. Госпад з усімі вамі. 
 17  Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у-ва ўсякім пасланьні; пішу я гэтак: 
 18  ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.