Адкр 9
 1  І пяты анёл затрубіў, і ўбачыў я зорку, якая ўпала з неба на зямлю, і дадзены быў ёй ключ ад калодзежа бездані, 
 2  і адчыніла яна калодзеж бездані, і ўзьняўся з калодзежа дым, як дым з вялікае печы; і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з калодзежа. 
 3  І з дыму выйшла на зямлю саранча, і дадзена ёй улада, як маюць уладу скарпіёны зямныя, 
 4  і сказана ёй, каб не рабіла шкоды ані траве зямной, ані ўсякай зеляніне, ані ўсякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаткі Божае на ілбах сваіх; 
 5  і дадзена ёй, каб не забівала іх, але каб мучыліся пяць месяцаў, і мучэньне ад яе, як мучэньне ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека. 
 6  І ў тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці і ня знойдуць яе, і будуць жадаць памерці, і сьмерць будзе ўцякаць ад іх. 
 7  І выгляд саранчы падобны да коней, якія падрыхтаваныя на бітву, і на галовах у яе быццам вянкі, падобныя да золата; і абліччы ў яе быццам абліччы чалавечыя, 
 8  і яна мела валасы, як валасы жаночыя, і зубы ў яе былі як у ільвоў. 
 9  І мела яна панцыры, быццам панцыры жалезныя, і гук крылаў ейных быццам гук мноства калясьніцаў, [запрэжаных] коньмі, якія бягуць на бітву, 
 10  і мае хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і ў хвастах у яе джала было, і ўлада яе — рабіць шкоду людзям пяць месяцаў, 
 11  і мае над сабою за валадара анёла бездані, імя якога па-гебрайску — Абаддон, а па-грэцку мае імя Апаліён. 
 12  Адно гора прайшло; вось, прыходзяць яшчэ два горы за ім. 
 13  І шосты анёл затрубіў, і я пачуў адзін голас з чатырох рагоў залатога ахвярніку, што перад Богам, 
 14  які казаў да шостага анёла, што меў трубу: «Разьвяжы чатырох анёлаў, якія зьвязаныя над вялікай ракой Эўфрат». 
 15  І былі разьвязаныя чатыры анёлы, якія былі падрыхтаваныя на гадзіну, і дзень, і месяц, і год, каб забіць трэцюю частку людзей. 
 16  І лічба коннага войска — два дзясяткі тысячаў дзясятка тысячаў; і я пачуў лічбу іх. 
 17  І гэтак я ўбачыў коней у відзежы, і вершнікаў на іх, якія мелі панцыры агністыя і гіяцынтавыя, і серкавыя; і галовы ў коней, як галовы ў ільвоў, і з храпаў іхніх выходзіць агонь, і дым, і серка. 
 18  Трыма гэтымі была забіта трэцяя частка людзей: агнём, і дымам, і серкаю, што выходзілі з храпаў іхніх. 
 19  Бо ўлада іхняя — у храпах іхніх, а хвасты іхнія падобныя да зьмеяў, маюць галовы і імі робяць шкоду. 
 20  І рэшта людзей, што не была забітая плягамі гэтымі, не навярнулася ад справаў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і ідалам залатым, і срэбным, і мядзяным, і каменным, і драўляным, якія ані бачыць ня могуць, ані чуць, ані хадзіць; 
 21  і не навярнуліся ад забойстваў сваіх, і ад чараўніцтва свайго, і ад распусты сваёй, і ад крадзяжоў сваіх.