Бц 41
 1  I сталася, што мінула два гады часу, і сьніў фараон, і вось, ён стаіць каля ракі. 
 2  I вось, з ракі выходзіць сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых целам; і пасьвіліся на поплаве. 
 3  I вось, сем іншых кароваў выходзіць за імі з ракі, брыдкіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароваў на беразе ракі. 
 4  I пажэрлі каровы брыдкія з выгляду і худыя целам сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых. I прачнуўся фараон, 
 5  I заснуў, і сьніў ён другі раз, і вось, сем каласоў вырасьлі на адным сьцябле, здаровых і добрых. 
 6  I вось, сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам вырастуаюць пасьля іх. 
 7  I праглынулі каласы пустыя сем каласоў здаровых і поўных. I прачнуўся фараон, і вось, [гэта] сон. 
 8  I сталася раніцаю, што быў стрывожаны дух ягоны, і ён паслаў, і паклікаў усіх варажбітоў Эгіпту і ўсіх мудрацоў яго, і распавёў ім фараон сон свой; і не было [нікога], хто б патлумачыў яго фараону. 
 9  I прамовіў начальнік чашнікаў фараону, кажучы: “Грахі мае ўзгадваю я сёньня. 
 10  Фараон загневаўся на слугаў сваіх і аддаў мяне пад нагляд у дом начальніка варты, мяне і начальніка пекараў. 
 11  I мы сьнілі сон у адну ноч, я і ён, кожны са значэньнем сон свой мы сьнілі. 
 12  I быў там з намі юнак Гебрай, нявольнік начальніка варты. I мы распавялі яму, і ён патлумачыў нам сны нашыя, кажнаму ягоны сон патлумачыў. 
 13  I сталася, як ён патлумачыў нам, так і сталася: мяне вярнулі на становішча мае, а таго павесілі”. 
 14  I паслаў фараон, і паклікаў Язэпа; і хутка вывялі яго з лёху. I ён пагаліўся, і зьмяніў адзеньне сваё, і прыйшоў да фараона. 
 15  I сказаў фараон Язэпу: “Я сьніў сон, і няма нікога, хто б патлумачыў яго. І я чуў, што пра цябе кажуць, што ты, выслухаўшы сон, тлумачыш яго”. 
 16  I адказаў Язэп фараону, кажучы: “Ня я, але Бог можа адкажа на супакой фараону”. 
 17  I сказаў фараон Язэпу: “У маім сьне, вось, стаю я на беразе ракі. 
 18  I вось, з ракі выходзіць сем кароваў сытых целам і прыгожых з выгляду, і пасьвіліся яны на поплаве. 
 19  I вось, сем кароваў іншых выходзяць пасьля іх, непафарэмныя, вельмі брыдкія з выгляду і худыя целам, я ня бачыў падобных, што да брыдкасьці, у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай. 
 20  I пажэрлі каровы худыя і брыдкія сем кароваў першых сытых. 
 21  I ўвайшлі яны ў чэравы іхныя, і не было пазнаць, што яны ўвайшлі ў чэравы іхныя, і выгляд іхні быў паганы, як і спачатку. I я прачнуўся. 
 22  I ўбачыў я ў сьне, і вось, сем каласоў вырастаюць на адным сьцябле, поўных і добрых. 
 23  I вось, сем каласоў ценькіх, пустых і высушаных усходнім ветрам растуць пасьля іх. 
 24  I праглынулі каласы пустыя сем каласоў добрых. Я расказаў гэта варажбітам, але няма [нікога, хто б] патлумачыў [гэта] мне”. 
 25  I сказаў Язэп фараону: “Сон фараона — адзін ён. Што Бог зробіць, Ён паведаміў фараону. 
 26  Сем кароваў добрых — гэта сем гадоў; і сем тых каласоў добрых — гэта сем гадоў. Гэта сон адзін. 
 27  I сем кароваў худых і брыдкіх, якія выйшлі пасьля іх — гэта сем гадоў; і сем каласоў пустых, высушаных усходнім ветрам — гэта будзе сем гадоў голаду. 
 28  Гэта слова, якое я прамовіў да фараона. Што Бог зробіць, Ён паказаў фараону. 
 29  Вось, сем гадоў прыйдзе вялікага дабрабыту ў-ва ўсёй зямлі эгіпецкай. 
 30  I настануць пасьля іх сем гадоў голаду; і забудзецца ўвесь той дабрабыт у зямлі Эгіпецкай, і вынішчыць голад гэтую зямлю. 
 31  I ня будзе відно дабрабыту у зямлі з прычыны голаду, які будзе пасьля, бо будзе ён вельмі цяжкі. 
 32  А тое, што паўтарыўся гэты сон фараону двойчы, [азначае], што вызначана гэта справа ў Бога і неўзабаве Бог зьдзейсьніць гэта. 
 33  I цяпер няхай прыгледзіць фараон мужа кемлівага і мудрага, і няхай паставіць яго над зямлёю Эгіпецкай. 
 34  Няхай зробіць фараон, і прызначыць наглядчыкаў над краем, і зьбірае пятую частку [ўраджаю] з зямлі Эгіпецкае ў сем гадоў дабрабыту. 
 35  I зьбяруць усякае харчаваньне падчас гэтых добрых гадоў, якія надыйдуць, і няхай зьбіраюць збожжа пад руку фараона на харчаваньне ў гарадах, і няхай захоўваюць. 
 36  I будзе гэтае харчаваньне на запас зямлі на сем гадоў голаду”. 
 37  I добрае было гэтае слова ў вачах фараона і ў вачах усіх слугаў ягоных. 
 38  I сказаў фараон слугам сваім: “Ці знойдзецца такі чалавек, як гэты, які мае ў сабе Духа Божага?” 
 39  I сказаў фараон Язэпу: “Пасьля таго, як Бог паведаміў табе ўсё гэта, няма нікога такога кемлівага і мудрага, як ты. 
 40  Ты будзеш над домам маім, і вуснаў тваіх будзе слухацца ўвесь народ мой; толькі пасадам я буду перавышаць цябе”. 
 41  I сказаў фараон Язэпу: “Глядзі, я паставіў цябе над усёю зямлёю Эгіпецкаю”. 
 42  I зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі сваёй, і даў яго на руку Язэпу; і апрануў яго ў адзеньне з вісону, і ўзлажыў ланцуг залаты на шыю ягоную; 
 43  I загадаў вазіць яго на другой калясьніцы сваёй, і крычалі перад ім: “Кланяйцеся!” I паставіў яго над усёй зямлёю Эгіпецкай. 
 44  I сказаў фараон Язэпу: “Я — фараон, але без цябе ніхто не падніме рукі сваёй і нагі сваёй ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай”. 
 45  I назваў фараон імя Язэпава: Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Аснат, дачку Паты-Пэра, сьвятара з Ону. I узьняўся Язэп над зямлёю Эгіпецкаю. 
 46  Язэпу было трыццаць гадоў, калі ён стаў перад фараонам, валадаром Эгіпту. I выйшаў Язэп ад аблічча фараона, і прайшоў па ўсёй зямлі Эгіпецкай. 
 47  I выдала зямля ў сем гадоў дабрабыту поўныя жмані [збожжа]. 
 48  I зьбіраў ён усякае харчаваньне тых сямі гадоў, якія былі ў зямлі Эгіпецкай, і разьмясьціў харчаваньне ў гарадах; харчаваньне з вакалічных палёў гораду ён складаў у [кожным з] іх. 
 49  I сабіраў Язэп збожжа, як пяску марскога, так шмат, ажно перасталі лічыць, бо не было [яму] ліку. 
 50  I ў Язэпа нарадзіліся два сыны перш, чым прыйшоў год голаду, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону. 
 51  I назваў Язэп імя першароднага Манаса, бо [казаў:] “Даў мне Бог забыцца ўсе цяжкасьці мае і ўвесь дом бацькі майго”. 
 52  А імя другога назваў Эфраім, бо казаў: распладзіў мяне Бог у зямлі нядолі маёй”. 
 53  I мінулі сем гадоў дабрабыту, які быў у зямлі Эгіпецкай. 
 54  I пачалі сем гадоў голаду прыходзіць, як сказаў Язэп. I быў голад ва ўсіх краінах, але ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай быў хлеб. 
 55  I галадавала ўся зямля Эгіпецкая, і крычаў народ да фараона пра хлеб, і сказаў фараон усім Эгіпцянам: “Ідзіце да Язэпа і рабіце, што ён вам скажа”. 
 56  I быў голад на ўсім абліччы зямлі, і адчыніў Язэп усе [гумны], якія былі ў іх, і прадаваў Эгіпцянам. I павялічваўся голад ў зямлі Эгіпецкай. 
 57  I з ўсёй зямлі прыходзілі ў Эгіпет купляць у Язэпа, бо павялічваўся голад па ўсёй зямлі.