Мк 2
 1  І праз [некалькі] дзён Ён зноў увайшоў у Капэрнаум, і пачулі, што Ён у доме. 
 2  І адразу сабралася мноства, што нават пры дзьвярах не маглі зьмясьціцца, і Ён гаварыў ім слова. 
 3  І прыходзяць да Яго са спараліжаваным, якога несьлі чацьвёра. 
 4  І, ня здолеўшы прайсьці да Яго дзеля натоўпу, раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложак, на якім ляжаў спараліжаваны. 
 5  І Ісус, убачыўшы веру іхнюю, кажа спараліжаванаму: «Дзіця, адпускаюцца грахі твае». 
 6  Былі ж там некаторыя кніжнікі, якія сядзелі і разважалі ў сэрцах сваіх: 
 7  «Што гэта Ён кажа блюзьнерства? Хто можа адпускаць грахі, калі ня сам Бог?» 
 8  А Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны гэтак думаюць, кажа ім: «Што вы гэтак разважаеце ў сэрцах вашых? 
 9  Што лягчэй, сказаць спараліжаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі ложак свой і хадзі”. 
 10  Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — кажа спараліжаванаму: 
 11  «Табе кажу: Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой». 
 12  І той адразу ўстаў і, узяўшы ложак, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі ня бачылі». 
 13  І зноў выйшаў [Ісус] да мора, і ўвесь натоўп пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх. 
 14  І, праходзячы, убачыў Ён Левія Альфеявага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: «Ідзі за Мною!» І той, устаўшы, пайшоў за Ім. 
 15  І сталася, калі Ён узьлягаў у доме ягоным, узьлягалі разам з Ісусам і вучнямі Ягонымі шмат мытнікаў і грэшнікаў, было бо многа іх, і яны ішлі за Ім. 
 16  А кніжнікі і фарысэі, бачачы, што [Ісус] есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: «Чаму Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?» 
 17  І, пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я прыйшоў клікаць не праведнікаў, але грэшнікаў да навяртаньня». 
 18  І посьцілі вучні Янавы і фарысэйскія. Дык прыходзяць і кажуць Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?» 
 19  І сказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посьціць сыны вясельля, калі малады з імі? Пакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць посьціць. 
 20  А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посьціць у тыя дні. 
 21  Ніхто не прышывае латы з новай тканіны да старога адзеньня, бо новая лата разьдзярэ старое, і дзіра зробіцца большая. 
 22  І ніхто не ўлівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно прарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; але новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі». 
 23  І сталася Яму ў суботу праходзіць праз палеткі, і вучні Ягоныя пачалі дарогаю зрываць каласы. 
 24  І фарысэі гаварылі Яму: «Глядзі, чаму яны робяць у суботу, што ня сьлед!» 
 25  А Ён сказаў ім: «Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны сам і тыя, што з ім? 
 26  Як увайшоў ён у дом Божы за Абіятара першасьвятара і еў хлябы пакладныя, якія нельга яму было есьці, а толькі сьвятарам, і даў таксама тым, што з ім былі?» 
 27  І казаў ім: «Субота для чалавека, а не чалавек для суботы. 
 28  таму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».