Гебр 6
 1  Дзеля гэтага, пакінуўшы пачатак Хрыстовага слова, зьвернемся да дасканаласьці, не кладучы ізноў падмуркі, [гаворачы пра] навяртаньне ад мёртвых справаў і веру ў Бога, 
 2  вучэньне пра хрышчэньні, і ўскладаньне рук, і ўваскрасеньне мёртвых, і суд вечны. 
 3  І гэта зробім, калі Бог дазволіць. 
 4  Бо немагчыма тых, якія аднойчы былі прасьветленыя, і пакаштавалі дару нябеснага, і сталіся ўдзельнікамі Духа Сьвятога, 
 5  і пакаштавалі добрага слова Божага і моцаў будучага веку, 
 6  і адпалі, ізноў абнаўляць праз навяртаньне, тых, якія ізноў укрыжоўваюць у сабе Сына Божага і аддаюць на сорам [Яго]. 
 7  Бо зямля, якая п’е дождж, што часта зыходзіць на яе, і родзіць расьліну, карысную для тых, хто абрабляе яе, атрымлівае дабраслаўленьне ад Бога; 
 8  а тая, якая прыносіць церні і асот, непрыдатная і блізкая да праклёну, і канец яе — спаленьне. 
 9  А мы перакананыя адносна вас, улюбёныя, што вы — лепшыя і маеце збаўленьне, хаця і гаворым гэтак. 
 10  Бо Бог не няправедны, каб забыцца на справу вашую і працу любові, якую вы зьявілі ў імя Ягонае, калі служылі і служыце сьвятым. 
 11  А мы жадаем, каб кожны з вас выяўляў такую самую дбаласьць у пэўнасьці надзеі да канца, 
 12  каб ня стацца вам маруднымі, але пераймальнікамі тых, якія праз веру і доўгацярплівасьць бяруць у спадчыну абяцаньні. 
 13  Бо Бог, абяцаючы Абрагаму, ня маючы нікога вышэйшага, каб прысягаць, прысягаў Самім Сабою, 
 14  кажучы: «Праўдзіва, дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу цябе». 
 15  І гэтак [Абрагам], маючы доўгацярплівасьць, атрымаў абяцаньне. 
 16  Бо людзі прысягаюць вышэйшым, і ўсякая спрэчка між імі завяршаецца прысягай на сцьвярджэньне. 
 17  Дзеля гэтага Бог, хочучы празьмерна паказаць спадкаемцам абяцаньня нязьменнасьць намеру Свайго, ужыў прысягу, 
 18  каб праз дзьве нязьменныя рэчы, у якіх Богу хлусіць немагчыма, вялікае пацяшэньне мелі мы, якія прыбеглі ўхапіцца за надзею, што перад намі ляжыць, 
 19  якую маем, як якар душы, пэўны і трывалы, які ўваходзіць у-ва ўнутранае за заслону, 
 20  куды за нас як папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка.