Гебр 3
 1  Дзеля гэтага, браты сьвятыя, удзельнікі ў нябесным пакліканьні, прыгледзьцеся да Апостала і Першасьвятара вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста, 
 2  Які верны Таму, Які паставіў Яго, як і Майсей у-ва ўсім доме Ягоным. 
 3  Бо Ён варты яшчэ большае славы за Майсея, як і большую пашану мае за дом той, хто яго збудаваў. 
 4  Бо ўсякі дом некім будуецца; а Той, Які ўсё збудаваў, — Бог . 
 5  І Майсей верны ў-ва ўсім доме Ягоным, як слуга, дзеля сьведчаньня пра тое, што мела быць сказаным; 
 6  а Хрыстос — як Сын у доме Ягоным, дом Якога — мы, калі толькі адвагу і пахвалу надзеі цьвёрда да канца трымаць будзем. 
 7  Дзеля гэтага, як кажа Дух Сьвяты: «Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, 
 8  не закамяняйце сэрцы вашыя, як у раздражненьні, у дзень спакусы ў пустыні, 
 9  дзе спакушалі Мяне бацькі вашыя, выпрабоўвалі Мяне і бачылі справы Мае сорак гадоў. 
 10  Дзеля гэтага ўгнявіўся Я на пакаленьне тое і сказаў: “Заўсёды блукаюць яны сэрцам, а самі не спазналі шляхоў Маіх”. 
 11  Дык прысягнуў Я ў гневе Маім, што ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой». 
 12  Глядзіце, браты, каб не было ў кім з вас сэрца злога і бязьвернага, што адступаецца ад Бога Жывога, 
 13  але прасіце адзін аднаго штодня, пакуль называецца “сёньня”, каб хто з вас не закамянеў праз падман грэху. 
 14  Бо мы сталіся ўдзельнікамі Хрыста, калі толькі пачатку пэўнасьці цьвёрда будзем трымацца да канца, 
 15  калі гаворыцца: «Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не закамяняйце сэрцы вашыя, як у раздражненьні». 
 16  Бо некаторыя, што чулі, раздражнілі; але ня ўсе, якія выйшлі з Эгіпту праз Майсея. 
 17  На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Ці не на тых, якія зграшылі, косткі якіх палеглі ў пустыні? 
 18  А каму прысягаў Ён, што ня ўвойдуць яны ў супачынак Ягоны, калі ня тым, якія не скарыліся? 
 19  І бачым, што яны не змаглі ўвайсьці праз недаверства.