Бц 49
 1  I паклікаў Якуб сыноў сваіх, і сказаў: «Зьбярыцеся, і я паведамлю вам, што спаткае вас у пазьнейшыя дні. 
 2  Зыйдзіцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце Ізраіля, бацьку свайго. 
 3  Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй, перавышаеш годнасьцю і перавышаеш магутнасьцю. 
 4  Ты пеніўся, як вада, ня будзеш вывышаны, бо ты ўзыйшоў на ложак бацькі свайго; тады ты зьняважыў пасьцель маю, узышоўшы [на яе]. 
 5  Сымон і Левій, браты, зброя іхняя — прылада гвалту. 
 6  У нараду іхнюю ня ўвойдзе душа мая, і да зграмаджэньня іхняга не далучыцца слава мая, бо ў гневе сваім яны забілі мужа і ў свавольстве сваім скалечылі вала. 
 7  Пракляты гнеў іхні, бо моцны, і лютасьць іхняя, бо заядлая. Падзялю іх у Якубе і расьцярушу іх у Ізраілі. 
 8  Юда, цябе выслаўляць будуць браты твае. Рука твая — на карку ворагаў тваіх; паклоняцца табе сыны бацькі твайго. 
 9  Юда — малады леў, ад здабычы, сыне мой, ты падымаешся. Прыхіліўся, лёг, як леў і як ільвіца, хто падыме яго? 
 10  Ня будзе аднята бэрла ад Юды і заканадаўца ад ног ягоных, аж пакуль ня прыйдзе Той, чыё яно, і Яму — паслухмянасць народаў. 
 11  Ён прывяжа да вінаграднай лазы асла свайго і да парастка выборнага вінаграду — асьлянятка асьліцы сваёй. Ён абмые ў віне шаты свае і ў крыві вінаграду — адзеньне сваё. 
 12  Вочы [ягоныя] чырванейшыя за віно, а зубы — бялейшыя за малако. 
 13  Завулён на беразе мора будзе жыць і ля прыстані караблёў, і межы ягоныя — да Сідону. 
 14  Ісахар — асёл касьцісты, што ляжыць паміж загарадаў. 
 15  I ўбачыў ён супачынак, што добры, і зямлю, што прыемная, і нахіліў плечы свае насіць цяжары і стаў слугою паднявольным. 
 16  Дан будзе судзіць народ свой, як адзін з родаў Ізраіля. 
 17  Будзе Дан зьмеем на дарозе, гадзюкай на сьцежцы, якая кусае пяты каня, і валіцца вершнік ягоны назад. 
 18  На збаўленьне Тваё спадзяюся, ГОСПАДЗЕ! 
 19  Гад — войскі будуць перамагаць яго, але ён пераможа пяты [іхнія]. 
 20  Пра Ашэра — тлусты хлеб ягоны, і ён будзе даваць прысмакі валадарскія. 
 21  Нэфталі — ланя выпушчаная [на свабоду], што дае прыгожыя словы. 
 22  Галіна плодная Язэп, галіна плодная над крыніцаю, галіны ягоныя пнуцца па муры. 
 23  І засмучалі яго, і стралялі ў яго, і ненавідзілі яго стралцы. 
 24  I застаўся моцным лук ягоны, і ўмацаваліся рамёны рук ягоных — ад рук Магутнага Якубавага, адтуль Пастыр, Скала Ізраіля; 
 25  ад Бога бацькі твайго, і Ён дапаможа табе, і ад Усемагутнага, і Ён дабраславіць цябе дабраславеньнямі неба згары і дабраславеньнямі бяздоньня, што ляжыць унізе, дабраславеньнямі грудзей і ўлоньня. 
 26  Дабраславеньні бацькі твайго перавышаюць дабраславеньні бацькоў маіх, аж да вяршыняў узгоркаў адвечных. Няхай будуць яны на галаве Язэпа і на цемені выбранага між братамі сваімі. 
 27  Бэн’ямін — воўк драпежны, раніцаю будзе есьці здабычу і ўвечары будзе дзяліць прыбытак». 
 28  Усіх гэтых родаў Ізраіля — двананцаць, і гэта тое, што прамаўляў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і кожнага паводле дабраславеньня ягонага дабраславіў. 
 29  I загадаў ён ім, і сказаў ім: «Я буду далучаны да народу майго. Пахавайце мяне каля бацькоў маіх, у пячоры, якая на полі Эфрона Хета, 
 30  у пячоры, што на полі Махпэля, якое насупраць Мамрэ ў зямлі Ханаан, якую купіў Абрагам разам з полем Эфрона Хета, на ўласнасьць для пахаваньня. 
 31  Там пахавалі Абрагама і Сару, жонку ягоную, там пахавалі Ісаака і Рэбэку, жонку ягоную; і там я пахаваў Лею. 
 32  Набытыя гэтае поле і пячора, якая на ім, у сыноў Хета». 
 33  I скончыў Якуб загадваць сынам сваім, і палажыў ногі свае на ложак, і сканаў, і быў далучаны да народу свайго.