Бц 30
 1  I бачыла Рахель, што яна не нараджае Якубу, і зайздросьціла Рахель сястры сваёй, і казала Якубу: “Дай мне сыноў, а калі не, я памру”. 
 2  I ўзгарэўся гнеў Якуба на Рахель, і ён сказаў: “Ці ж гэта я, а ня Бог затрымаў у цябе плод улоньня?” 
 3  I яна сказала: “Вось, нявольніца мая Більга. Увайдзі да яе, і яна народзіць на каленях маіх, і я буду збудаваная праз яе”. 
 4  I яна дала яму Більгу, нявольніцу сваю, за жонку, і ўвайшоў да яе Якуб. 
 5  I зачала Більга, і нарадзіла Якубу сына. 
 6  I сказала Рахель: “Рассудзіў мяне Бог, і таксама пачуў голас мой, і даў мне сына”. І таму назвала імя ягонае Дан. 
 7  I зачала яшчэ, і нарадзіла Більга, нявольніца Рахелі, другога сына Якубу. 
 8  I сказала Рахель: “Ваяваньнем Божым змагалася я з сястрою сваёй і адолела”. I назвала імя ягонае Нэфталі. 
 9  I ўбачыла Лея, што перастала нараджаць, і ўзяла Зільпу, нявольніцу сваю, і дала яе Якубу за жонку. 
 10  I нарадзіла Зільпа, нявольніца Леі, Якубу сына. 
 11  I сказала Лея: “Прыйшоў посьпех!” I назвала імя ягонае Гад. 
 12  I нарадзіла Зільпа, нявольніца Леі, другога сына Якубу. 
 13  I сказала Лея: “На шчасьце маё, бо шчасьлівай будуць называць мяне дочкі”. I назвала імя ягонае Асэр. 
 14  I выйшаў Рубэн у дні жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоры ў полі, і прынёс іх Леі, маці сваёй. I сказала Рахель Леі: “Дай мне мандрагоры сына твайго”. 
 15  А тая сказала ёй: “Няўжо мала [табе], што ты ўзяла мужа майго, і хочаш узяць мандрагоры сына майго?” I сказала Рахель: “Дык няхай ён ляжа з табою ў гэтую ноч за мандрагоры сына твайго”. 
 16  I прыйшоў Якуб з поля ўвечары, і выйшла Лея насустрач яму, і сказала: “Да мяне ўвойдзеш, бо наймаючы, наняла цябе за мандрагоры сына майго”. I ён лёг з ёю ў тую ноч. 
 17  I пачуў Бог Лею, і яна зачала, і нарадзіла Якубу пятага сына. 
 18  I сказала Лея: “Даў Бог плату маю за тое, што я дала нявольніцу маю мужу майму”. I назвала імя ягонае Ісахар. 
 19  I зачала ізноў Лея, і нарадзіла шостага сына Якубу. 
 20  I сказала Лея: “Абдараваў мяне Бог добрым дарам. Гэтым разам будзе жыць са мною муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў”. I назвала імя ягонае Завулён. 
 21  Потым нарадзіла дачку, і назвала імя ейнае Дзіна. 
 22  I ўзгадаў Бог пра Рахель, і пачуў яе Бог, і адчыніў улоньне ейнае, 
 23  і яна зачала, і нарадзіла сына, і сказала: “Забраў Бог ганьбу маю”. 
 24  I назвала імя ягонае Язэп, кажучы: “Няхай дадасьць мне ГОСПАД другога сына”. 
 25  I сталася, калі нарадзіла Рахель Язэпа, сказаў Якуб Лявану: “Пусьці мяне, і я пайду ў сваю мясцовасьць і ў сваю зямлю. 
 26  Дай мне жонак маіх і дзяцей маіх, бо я служыў табе за іх, і я пайду; бо ты ведаеш службу маю, якою я служыў табе”. 
 27  I сказаў яму Ляван: “О, каб я знайшоў ласку у вачах тваіх! Я пераканаўся, што ГОСПАД дабраславіў мяне дзеля цябе”. 
 28  I сказаў: “Прызнач сабе плату сваю ад мяне, і я дам”. 
 29  I [Якуб] сказаў яму: “Ты ведаеш, як я служыў табе, і які стаўся статак твой пры мне; 
 30  бо мала было ў цябе да мяне, а памножылася ў мноства, і дабраславіў ГОСПАД цябе, як я прыйшоў. А цяпер, калі я буду рабіць для дому майго?” 
 31  I той сказаў: “Што маю даць табе?” I сказаў Якуб: “Не давай мне нічога, але зрабі для мяне такую рэч, і я вярнуся, і буду пасьвіць і захоўваць авечкі твае. 
 32  Я прайду сёньня між усіх авечак тваіх, і аддзялю з іх кожнае ягня стракатае і пярэстае, і кожную рудую з авечак, і стракатых і пярэстых з козаў; і будзе гэта мая плата. 
 33  I будзе адказваць за мяне праведнасьць мая на наступны дзень, калі прыйдзеш даведацца пра плату маю перад табою. Усё, што не стракатае і не пярэстае паміж козаў, і не рудое паміж авечак, крадзенае гэта ў мяне”. 
 34  I сказаў Ляван: “Дык няхай будзе паводле слова твайго”. 
 35  I адлучыў у той дзень казлоў пасастых і пярэстых, і ўсіх козаў стракатых і пярэстых, усіх, што мелі нешта белае на сабе, і ўсіх рудых паміж авечак, і аддаў у рукі сыноў сваіх. 
 36  I вызначыў дарогу ў тры дні паміж сабою і Якубам. I Якуб пасьвіў авечкі Лявана, якія засталіся. 
 37  I ўзяў Якуб зялёных прутоў тапалёвых, і мігдалёвых, і яваровых, і выразаў на іх пасы белыя, зьняўшы кару да бялосьці, якая на прутах, 
 38  і ўткнуў тыя пруты, якія аблупіў, перад авечкамі пры карытах ля вадапою, куды прыходзілі авечкі піць і спалучаліся, прыходзячы піць. 
 39  I спалучаліся авечкі перад прутамі, і нараджаліся авечкі пасастыя, стракатыя і пярэстыя. 
 40  І авечак [белых] аддзяляў Якуб, і гнаў наперадзе авечак пярэстых і ўсіх рудых як авечкі Лявана, і трымаў свае чароды асобна, і не злучаў іх з авечкамі Лявана. 
 41  I было, калі спалучаліся мацнейшыя авечкі, Якуб клаў пруты перад вачыма авечак пры карытах, каб яны спалучаліся перад прутамі, 
 42  а калі авечкі былі слабыя, тады ня клаў. I былі слабейшыя у Лявана, а мацнейшыя — у Якуба. 
 43  I пашырыўся чалавек гэты вельмі, вельмі, і было ў яго мноства авечак, і нявольніцаў, і слугаў, і вярблюдаў, і аслоў.