Бц 28
 1  I паклікаў Ісаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму, і сказаў яму: “Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаану. 
 2  Устань, ідзі ў Падан-Арам, у дом Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе адтуль жонку з дачок Лявана, брата маці тваёй. 
 3  І Бог Усемагутны дабраславіць цябе, і зробіць цябе плодным, і памножыць цябе, і ты станешся грамадою народаў, 
 4  і Ён дасьць табе дабраславеньне Абрагама, табе і насеньню твайму з табою, каб ты ўзяў у спадчыну зямлю вандраваньня твайго, якую Бог даў Абрагаму”. 
 5  I паслаў Ісаак Якуба, і ён пайшоў у Падан-Арам да Лявана, сына Бэтуэля Арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава. 
 6  I бачыў Эзаў, што дабраславіў Ісаак Якуба, і, дабраслаўляючы яго, паслаў яго ў Падан-Арам узяць сабе адтуль жонку, і загадаў яму, кажучы: “Не бяры жонкі з дачок Ханаану”; 
 7  і што паслухаў Якуб бацьку свайго і маці сваю, і пайшоў у Падан-Арам. 
 8  I бачыў Эзаў, што ліхія дочкі Ханаану ў вачах Ісаака, бацькі ягонага. 
 9  I пайшоў Эзаў да Ізмаэля, і ўзяў за жонку сабе Махалят, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Наваёта, акрамя тых жонак, якія меў. 
 10  I выйшаў Якуб з Бээр-Шэвы, і пайшоў у Харан. 
 11  I трапіў ён на адно месца, і заначаваў там, бо зайшло сонца. I ўзяў камяні з таго месца, і палажыў пад галаву сваю, і лёг спаць на тым месцы. 
 12  I сьніў ён, і вось, лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе дакранаецца да неба; і вось, анёлы Божыя ўзыходзяць і зыходзяць па ёй. 
 13  I вось, ГОСПАД стаў над ім і сказаў: “Я — ГОСПАД, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і насеньню твайму. 
 14  I станецца насеньне тваё, як пясок зямлі; і ты распаўсюдзішся на захад, і на ўсход, і на поўнач, і на поўдзень, і будуць дабраслаўлёныя ў табе і ў насеньні тваім усе плямёны зямлі. 
 15  I вось, Я з табою, і буду захоўваць цябе ўсюды, куды ты пойдзеш, і вярну цябе ў гэтую зямлю, бо Я не пакіну цябе, пакуль не зраблю таго, што Я сказаў табе”. 
 16  I прачнуўся Якуб зо-сну свайго, і сказаў: “Сапраўды ГОСПАД ёсьць на месцы гэтым, а я ня ведаў!” 
 17  I спалохаўся, і сказаў: “Якое страшнае месца гэтае! Гэта нішто іншае, як дом Божы, і гэта брама неба”. 
 18  I ўстаў Якуб рана раніцай, і ўзяў камень, які ён палажыў пад галаву сваю, і паставіў яго як слуп, і наліў алей на верх ягоны. 
 19  I назваў імя месца таго Бэтэль; а раней імя гораду таго было Люз. 
 20  I абяцаў Якуб абяцаньне, кажучы: “Калі Бог будзе са мною, і будзе захоўваць мяне на гэтым шляху, якім я іду, і дасьць мне хлеб есьці і адзежу адзецца, 
 21  і я вярнуся ў супакоі ў дом бацькі майго, і будзе ГОСПАД мне Богам, 
 22  дык камень гэты, які я паставіў як слуп, будзе домам Божым, і з усяго, што Ты дасі мне, я аддзялю Табе дзесяціну”.