Бц 15
 1  Пасьля гэтых падзеяў было слова ГОСПАДА да Абрама ў відзежы, кажучы: “Ня бойся, Абраме! Я – шчыт твой, узнагарода твая вельмі вялікая”. 
 2  І сказаў Абрам: “Уладару ГОСПАДЗЕ, што Ты дасі мне? Я хаджу бязьдзетны, і распарадчык ў доме маім — Эліезэр з Дамаску”. 
 3  І сказаў Абрам: “Вось, ня даў Ты мне насеньня. І вось, народжаны ў доме маім [слуга] будзе спадкаемцам маім”. 
 4  І вось, слова ГОСПАДА да яго, кажучы: “Ня ён успадкаеміць цябе, але той, які выйдзе з нутра твайго, успадкаеміць цябе”. 
 5  І вывеў яго вонкі, і сказаў: “Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі зможаш палічыць іх”. І сказаў яму: “Такім будзе насеньне тваё”. 
 6  І паверыў ён ГОСПАДУ, і Ён залічыў гэта яму за праведнасьць. 
 7  І сказаў яму: “Я – ГОСПАД, Які вывеў цябе з Уру Халдэйскага, каб даць табе гэтую зямлю ў валоданьне”. 
 8  А ён сказаў: “Уладару ГОСПАДЗЕ, з чаго магу ведаць, што я буду валодаць ёю?” 
 9  І [Госпад] сказаў яму: “Вазьмі Мне трохгадовую цялушку, і трохгадовую казу, і трохгадовага барана, турка і галубянятка”. 
 10  І [Абрам] узяў ўсё гэта, і расьцяў іх уздоўж, і паклаў кожную частку адну насупраць другой, але птушак не расьцінаў. 
 11  І зьляцеліся драпежныя птушкі на гэтае мяса, і Абрам адганяў іх. 
 12  І сталася, калі сонца заходзіла, моцны сон ахапіў Абрама. І вось жах і цемра вялікая ахапілі яго. 
 13  І сказаў [Госпад] Абраму: “Ведаючы, ведай, што насеньне тваё будзе прыхаднямі ў зямлі не сваёй, і будуць служыць яны, і будуць прыгнятаць іх чатырыста гадоў. 
 14  Але з народам, якому будуць яны служыць, Я буду змагацца, і пасьля таго выйдуць яны з вялікай маёмасьцю. 
 15  А ты пойдзеш да бацькоў сваіх у супакоі, і будзеш пахаваны ў добрай старасьці. 
 16  І ў чацьвёртым пакаленьні яны вернуцца сюды, бо яшчэ не дапоўнілася мера беззаконьняў Амарэяў”. 
 17  І сталася, калі зайшло сонца і была цемра, вось, дым, як бы з печы, і полымя агню прайшлі між расьцятымі жывёламі. 
 18  У той дзень заключыў ГОСПАД з Абрамам запавет, кажучы: “Я даю гэтую зямлю насеньню твайму, ад ракі Эгіпецкай аж да вялікай ракі, ракі Эўфрат: 
 19  Кенэяў, Кенэзэяў, Кадманеяў, 
 20  Хетаў, Пэрэзэяў, Рэфаімаў, 
 21  Амарэяў, Хананейцаў, Гіргашэяў і Евусеяў”.