Бц 9
 1  І дабраславіў Бог Ноя і сыноў ягоных, і сказаў ім: “Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю. 
 2  Няхай баяцца вас і дрыжаць перад вамі усе зьвяры зямлі, і ўсе птушкі паднебныя; і ўсё, што рухаецца па зямлі, і ўсе рыбы марскія аддадзеныя ў рукі вашыя. 
 3  Усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як траву зялёную, Я даў вам усё. 
 4  Толькі цела з душою яго, з крывёю яго, ня ешце. 
 5  І толькі кроў вашу душаў вашых Я буду шукаць, з рукі ўсякага зьвера буду шукаць яе, i з рукі чалавека, з рукі кожнага брата ягонага буду шукаць душу чалавека. 
 6  Хто праліе кроў чалавека, таго кроў будзе праліта рукою чалавека, бо чалавек зроблены на вобраз Божы. 
 7  А вы пладзіцеся і множцеся, распаўсюджвайцеся на зямлі і множцеся на ёй”. 
 8  І сказаў Бог Ною і сынам ягоным з ім, кажучы: 
 9  “Вось, Я заключаю запавет Мой з вамі і з насеньнем вашым пасьля вас, 
 10  і з усякаю душою жывою, якая з вамі: з птушкамі, са скацінай і з усімі зьвярамі зямнымі, якія з вамі, з усімі, што выйшлі з каўчэгу, з усімі зьвярамі зямлі. 
 11  І Я заключаю запавет Мой з вамі, і ўжо больш ня будзе вынішчана ўсякае цела водамі патопу, і больш ня будзе патопу, каб нiшчыць зямлю”. 
 12  І сказаў Бог: “Гэта знак запавету, якi Я заключаю паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою, якая з вамі, ў пакаленьні вечныя. 
 13  Вясёлку Маю кладу на хмарах, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю. 
 14  І станецца, калі расьцягну хмары над зямлёю, будзе відаць вясёлку на хмарах, 
 15  і Я ўзгадаю запавет Мой, якi паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, і ня будзе больш водаў патопу, каб нішчыць усякае цела. 
 16  І будзе гэтая вясёлка на хмарах, і Я ўбачу яе, і ўзгадаю вечны запавет паміж Богам і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, якое ёсьць на зямлі”. 
 17  І сказаў Бог Ною: “Гэта знак запавету, якi Я даю, паміж Мною і ўсякім целам, якое ёсьць на зямлі”. 
 18  І былі сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэгу: Сэм, Хам і Яфэт. А Хам быў бацькам Ханаана. 
 19  Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх залюднілася ўся зямля. 
 20  І Ной пачаў абрабляць зямлю, і пасадзіў вінаграднік. 
 21  І выпіў ён віна, і напіўся, і ляжаў голы ў сярэдзіне намёту. 
 22  І ўбачыў Хам, бацька Ханаана, голасьць бацькі свайго, і распавёў двум братам сваім, [якія былі] звонку. 
 23  І ўзялі Сэм і Яфэт адзежу і ўсклалі на плечы свае, і пайшлі сьпінаю, і накрылі голасьць бацькі свайго; а твары іхнія былі [зьвернутыя] назад, і яны ня бачылi голасьцi бацькі свайго. 
 24  І прачнуўся Ной ад ап’яненьня свайго, і даведаўся, што яму зрабіў малодшы сын ягоны, 
 25  і сказаў: “Пракляты Ханаан! Будзе ён слугою слугаў у братоў сваіх”. 
 26  І сказаў: “Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Сэма! Няхай будзе Ханаан слугою ягоным. 
 27  Няхай пашырыць Бог Яфэта, і будзе ён жыць ў намётах Сэма, і Ханаан будзе ў яго слугою”. 
 28  І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзясят гадоў. 
 29  І было ўсіх дзён Ноя дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў, і ён памёр.