1 Цім 2
 1  Дык перш за ўсё прашу ўзносіць просьбы, малітвы, умольваньні і падзякі за ўсіх людзей, 
 2  за валадароў і за ўсіх, хто пры ўладзе, каб весьці нам жыцьцё ціхае і спакойнае ў-ва ўсякай пабожнасьці і сумленнасьці, 
 3  бо гэта добра і прыемна перад Збаўцам нашым Богам, 
 4  Які хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і прыйшлі да пазнаньня праўды. 
 5  Бо адзін Бог і адзін Пасярэднік паміж Богам і людзьмі — Чалавек Хрыстос Ісус, 
 6  Які аддаў Сябе на адкупленьне за ўсіх, як сьведчаньне ў свой час, 
 7  дзеля Якога я пастаўлены весьнікам і апосталам, праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе. 
 8  Дык хачу, каб на ўсякім месцы маліліся мужы, узьнімаючы сьвятыя рукі бяз гневу і хістаньняў; 
 9  каб таксама і жанчыны, у сьціплай вопратцы, з сарамлівасьцю і здаровым розумам аздаблялі сябе не пляценьнем валасоў, ані золатам, ані пэрламі, ані шатамі дарагімі, 
 10  але добрымі ўчынкамі, як належыць жанчынам, якія абяцалі багабойнасьць. 
 11  Жанчына ў маўчаньні няхай вучыцца з усякай паслухмянасьцю. 
 12  А жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб мужам кіравала, але каб у маўчаньні была. 
 13  Бо першым быў зьлеплены Адам, а пасьля — Ева; 
 14  і не Адам быў падмануты, а жанчына, падманутая, учыніла парушэньне, 
 15  але будзе збаўленая праз нараджэньне дзяцей, калі застанецца ў веры, і любові, і сьвятасьці са здаровым розумам.