Мц 28
 1  Пасьля суботы, пры надыходзе першага дня пасьля суботы, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. 
 2  І вось стаўся вялікі землятрус; бо анёл Госпадаў, зыйшоўшы з неба, падыйшоўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сеў на ім. 
 3  А выгляд ягоны быў, як бліскавіца, і адзеньне ягонае белае, як сьнег. 
 4  І ад страху прад ім затрэсьліся вартаўнікі і сталіся як мёртвыя. 
 5  А анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: «Ня бойцеся; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага. 
 6  Яго няма тут, бо Ён уваскрос, як казаў. Хадзіце, паглядзіце месца, дзе ляжаў Госпад. 
 7  І, хутка пайшоўшы, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых, і вось, ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось, я сказаў вам». 
 8  І, выйшаўшы хутка з магілы, яны са страхам і радасьцю вялікай пабеглі паведаміць вучням Ягоным. 
 9  Калі ж яны ішлі паведаміць вучням Ягоным, вось, Ісус сустрэў іх, кажучы: «Радуйцеся!» І яны, падыйшоўшы, абнялі ногі Ягоныя, і пакланіліся Яму. 
 10  Тады кажа ім Ісус: «Ня бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею; і там яны ўгледзяць Мяне». 
 11  Калі ж яны ішлі, вось, некаторыя з вартаўнікоў, пайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што сталася. 
 12  І тыя, сабраўшыся са старшынямі і зрабіўшы нараду, далі даволі грошаў жаўнерам, 
 13  кажучы: «Скажыце, што вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, укралі Яго, калі вы спалі. 
 14  І, калі пачуе пра гэта ваявода, мы пераканаем яго, і вам учынім, каб ня мелі клопату». 
 15  Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І пашырылася слова гэтае між юдэямі аж да сёньня. 
 16  А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды вызначыў ім Ісус. 
 17  І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся. 
 18  І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: «Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі. 
 19  Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, 
 20  навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку». Амэн.