Мц 24
 1  І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні; і падыйшлі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні. 
 2  А Ісус сказаў ім: «Ці бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны». 
 3  А калі сядзеў Ён на гары Аліўнай, падыйшлі да Яго вучні насамоце, кажучы: «Скажы нам, калі гэта будзе, і які знак Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?» 
 4  І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не падмануў вас, 
 5  бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я — Хрыстос”, — і шмат каго падмануць. 
 6  Маеце чуць пра войны і чуткі ваенныя. Глядзіце, не трывожцеся, бо ўсё гэта мусіць стацца, але гэта яшчэ не канец. 
 7  Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць голад, і пошасьці, і землятрусы месцамі. 
 8  А ўсё гэтае — пачатак мукаў. 
 9  Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас, і зьненавідзяць вас усе народы за імя Маё. 
 10  І тады згоршацца многія; і будуць выдаваць адзін аднаго, і ненавідзець адзін аднаго. 
 11  І многія фальшывыя прарокі паўстануць, і падмануць многіх. 
 12  І дзеля памнажэньня беззаконьня ў многіх асьцюдзянее любоў. 
 13  А хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. 
 14  І будзе абвешчанае гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам, і тады прыйдзе канец. 
 15  Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую сказаў Данііл прарок, што паўстане на месцы сьвятым, — хто чытае, няхай зразумее, — 
 16  тады тыя, што ў Юдэі, няхай бягуць у горы, 
 17  хто на даху, няхай не зыходзіць узяць што з дому свайго, 
 18  і хто ў полі, няхай не варочаецца назад узяць адзеньне сваё. 
 19  Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні. 
 20  Маліцеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою або ў суботу. 
 21  Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе. 
 22  І калі б не былі скарочаныя тыя дні, не было б збаўленае ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя тыя дні. 
 23  Тады, калі хто скажа вам: “Вось, тут Хрыстос, ці там”, — ня верце. 
 24  Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і выбраных. 
 25  Вось, Я наперад сказаў вам. 
 26  Дык, калі скажуць вам: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось, Ён у пакоях”, — ня верце. 
 27  Бо, як бліскавіца выходзіць з усходу і сьвеціць да захаду, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага. 
 28  Бо дзе мёртвае цела, там зьбяруцца і арлы. 
 29  А адразу пасьля прыгнёту дзён тых сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі ўпадуць з неба, і сілы нябесныя захістаюцца. 
 30  І тады зьявіцца знак Сына Чалавечага ў небе, і тады заплачуць усе калены зямлі і ўгледзяць Сына Чалавечага, Які ідзе на аблоках нябесных з сілаю і славаю вялікаю. 
 31  І пашле Ён анёлаў Сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць яны выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю неба да краю яго. 
 32  У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккаю і пускае лісты, ведаеце, што блізка лета. 
 33  Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, ведайце, што блізка, у дзьвярах. 
 34  Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца. 
 35  Неба і зямля прамінуць; а словы Мае не прамінуць. 
 36  А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, нават анёлы, якія ў небе, а толькі Айцец Мой адзін. 
 37  Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага. 
 38  Бо як было ў дні перад патопам: елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, аж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, 
 39  і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага. 
 40  Тады будуць двое ў полі: адзін бярэцца, а другі пакідаецца. 
 41  Дзьве, якія мелюць у жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца. 
 42  Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе. 
 43  Вы ж разумееце тое, што, калі б ведаў гаспадар дому, у якую варту прыйдзе злодзей, чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой. 
 44  Дзеля гэтага і вы будзьце падрыхтаваныя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце. 
 45  Хто такі верны і мудры слуга, якога пан ягоны паставіў над хатнімі сваімі даваць ім ежу ў свой час? 
 46  Шчасьлівы той слуга, якога пан ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэтак. 
 47  Сапраўды кажу вам, што над усёю маёмасьцю сваёю паставіць яго. 
 48  А калі скажа той злы слуга ў сэрцы сваім: “Марудзіць прыйсьці пан мой”, — 
 49  і пачне біць таварышаў сваіх, таксама есьці і піць з п’яніцамі, — 
 50  прыйдзе пан слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае, 
 51  і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.