Ян 7
 1  І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо не хацеў хадзіць па Юдэі, таму што Юдэі шукалі забіць Яго. 
 2  Было ж блізка сьвята юдэйскае Намётаў. 
 3  Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш. 
 4  Бо ніхто нічога таемна ня робіць, і сам імкнецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, зьяві Сябе сьвету». 
 5  Бо і браты Ягоныя таксама ня верылі ў Яго. 
 6  Ісус жа кажа ім: «Час Мой яшчэ не прыйшоў, а для вас заўсёды час. 
 7  Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што справы ягоныя злыя. 
 8  Вы ідзіце на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня споўніўся». 
 9  Сказаўшы ім гэта, застаўся ў Галілеі. 
 10  Калі ж пайшлі браты Ягоныя, тады і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але як быццам таемна. 
 11  А Юдэі шукалі Яго на сьвяце і гаварылі: «Дзе Ён?» 
 12  І шмат размоваў было адносна Яго ў натоўпах: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: «Не, бо Ён падманвае грамаду». 
 13  Аднак ніхто не гаварыў адносна Яго яўна дзеля страху перад Юдэямі. 
 14  Але ў палове сьвята Ісус увайшоў у сьвятыню і навучаў. 
 15  І зьдзіўляліся Юдэі, кажучы: «Як Ён ведае Пісаньні, не вучыўшыся?» 
 16  Адказаў ім Ісус і сказаў: «Маё вучэньне не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне. 
 17  Калі хто хоча выконваць волю Яго, той зразумее адносна вучэньня гэтага, ці ад Бога яно, ці Я ад Сябе гавару. 
 18  Хто гаворыць сам ад сябе, той шукае сваёй славы, а Хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго, Той праўдзівы, і няма ў Ім няправеднасьці. 
 19  Ці ня даў вам Майсей Закону? І ніхто з вас не выконвае Закон. За што шукаеце забіць Мяне?» 
 20  Натоўп адказаў і сказаў: «Дэмана Ты маеш. Хто шукае забіць Цябе?» 
 21  Адказаў Ісус і сказаў ім: «Адну справу Я зрабіў, і вы ўсе зьдзіўляецеся. 
 22  Майсей даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсея, але ад бацькоў, і ў суботу вы абразаеце чалавека. 
 23  Калі ў суботу абразаецца чалавек, каб ня быў парушаны закон Майсееў, чаму ж вы незадаволеныя Мною, што Я ўсяго чалавека зрабіў здаровым у суботу? 
 24  Не судзіце па зьнешнасьці, але судзіце судом справядлівым». 
 25  Казалі тады некаторыя з Ерусалімцаў: «Ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць? 
 26  І вось Ён яўна гаворыць, і нічога ня кажуць Яму. Ці не пераканаліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос? 
 27  Але мы ведаем Яго, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён». 
 28  Усклікнуў тады Ісус у сьвятыні, навучаючы і кажучы: «І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я, і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але праўдзівы Той, Які паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце. 
 29  А Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў». 
 30  І шукалі, каб схапіць Яго, і ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная. 
 31  Многія ж з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: «Хрыстос, калі прыйдзе, няўжо ўчыніць больш знакаў, чымсьці Гэты ўчыніў?» 
 32  Пачулі фарысэі натоўп, які гэтак гаварыў адносна Яго; і паслалі фарысэі і першасьвятары паслугачоў, каб схапілі Яго. 
 33  Ісус жа сказаў ім: «Яшчэ трохі часу Я буду з вамі, і пайду да Таго, Які паслаў Мяне. 
 34  Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці». 
 35  Гаварылі тады Юдэі між сабою: «Куды Ён мае ісьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці ня мае Ён ісьці да грэцкага расьцярушаньня і навучаць Грэкаў? 
 36  Што мае значыць гэтае слова, якое Ён сказаў: “Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці”? » 
 37  А ў апошні вялікі дзень сьвята Ісус стаяў і ўсклікнуў, кажучы: «Калі хто смагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е. 
 38  Хто верыць у Мяне, як сказана ў Пісаньні, у таго з жывата пацякуць рэкі вады жывое». 
 39  Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, якія вераць у Яго, бо не было яшчэ Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус праслаўлены. 
 40  Многія з натоўпу, пачуўшы гэта слова, казалі: «Ён, сапраўды, — прарок». 
 41  Другія казалі: «Ён — Хрыстос». А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Хрыстос? 
 42  Ці ж не сказана ў Пісаньні, што з насеньня Давідавага і з Бэтлеему, мястэчка, адкуль быў Давід, прыйдзе Хрыстос?» 
 43  І стаўся дзеля Яго падзел у натоўпе. 
 44  Некаторыя ж з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі. 
 45  Тады вярнуліся паслугачы да першасьвятароў і фарысэяў, і тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?» 
 46  Паслугачы адказалі: «Ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек». 
 47  Фарысэі тады адказалі ім: «Няўжо і вы падманутыя? 
 48  Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў ці з фарысэяў? 
 49  Але гэты натоўп, які ня ведае Закону, ён пракляты». 
 50  Кажа ім Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Яго ўначы: 
 51  «Няўжо судзіць наш Закон чалавека, ня выслухаўшы яго спачатку і не даведаўшыся, што ён робіць?» 
 52  Адказалі і сказалі яму: «Няўжо і ты з Галілеі? Дасьледуй і пабач, што з Галілеі прарок не паўставаў». 
 53  І пайшоў кожны ў дом свой.