2 Кар 6
 1  І працуючы разам [з Ім], мы просім, каб ласка Божая не надарма была атрыманая вамі. 
 2  Бо Ён кажа: «У час прыемны Я выслухаў цябе і ў дзень збаўленьня дапамог табе». Вось, цяпер час адпаведны, вось, цяпер дзень збаўленьня! 
 3  Мы нікому ні ў чым не даем спатыкненьня, каб ня ганілася служэньне, 
 4  але ў-ва ўсім адрэкамэндоўваем вам сябе, як служыцеляў Божых, у вялікай цярплівасьці, у прыгнётах, у патрэбах, у ўцісках, 
 5  у зьбіцьці, у вязьніцах, у забурэньнях, у працах, у чуваньнях, у пастах, 
 6  у чысьціні, у веданьні, у доўгацярплівасьці, у ласкавасьці, у Духу Сьвятым, у любові некрывадушнай, 
 7  у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй праведнасьці ў правай і ў левай руцэ, 
 8  у славе і ганьбе, у ганьбаваньні і пахвале; нібы падманшчыкі, але праўдзівыя, 
 9  як невядомыя, але пазнаваныя; як тыя, што паміраюць, але, вось, мы жывыя; як караныя, але не забіваныя; 
 10  як засмучаныя, але заўсёды радасныя; як убогія, але многіх узбагачаем; як нічога ня маем, але ўсім валодаем. 
 11  Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карыньцяне, сэрца нашае пашырылася. 
 12  Вам ня цесна ў нас, але ў сэрцах вашых цесна. 
 13  Дзеля гэткае ж платы, кажу [вам], як дзецям, пашырцеся і вы. 
 14  Ня будзьце пад чужым ярмом з бязьвернымі, бо якое таварыства праведнасьці і беззаконьня? Якая супольнасьць у сьвятла з цемраю? 
 15  А якая згода ў Хрыста з Бэліярам? Ці якая частка ў вернага з бязьверным? 
 16  Ці якая лучнасьць у бажніцы Божай з ідаламі? Бо вы — бажніца Бога Жывога, як сказаў Бог: «Буду жыць у іх і буду хадзіць з імі; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам». 
 17  Дзеля гэтага: «Выйдзіце спасярод іх і аддзяліцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыйму вас». 
 18  «І Я буду вам Айцом, і вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Усеўладны».