1 Цім 5
 1  Старога ня гань, але прасі як бацьку, маладых — як братоў, 
 2  старых жанчынаў — як матак, маладых — як сёстраў, з усякай чысьцінёю. 
 3  Удоваў шануй, тых, якія праўдзіва ўдовы. 
 4  А калі якая ўдава мае дзяцей ці ўнукаў, яны перш няхай вучацца шанаваць свой дом і аддаваць належнае бацькам, бо гэта добра і прыемна перад Богам. 
 5  Праўдзівая ўдава і адзінокая спадзяецца на Бога і трывае ў малітвах і просьбах уночы і ўдзень, 
 6  а тая, што жыве ў распусьце, жывучы, мёртвая. 
 7  І гэтак загадвай, каб былі бездакорнымі. 
 8  А калі хто пра сваіх, і асабліва, пра хатніх ня дбае, той адрокся ад веры і горш за бязьвернага. 
 9  Удава мае быць унесеная ў сьпіс, якой ня менш як шэсьцьдзесят год, якая была жонкаю аднаго мужа, 
 10  засьведчаная ў добрых учынках, калі дзяцей выгадавала, калі прыймала падарожных, калі абмывала ногі сьвятым, калі падтрымлівала прыгнечаных, калі ішла сьледам за ўсякай добрай справай. 
 11  А маладым удовам адмаўляй, бо калі яны, разласаваўшыся насуперак Хрысту, захочуць замуж, 
 12  маюць асуджэньне, бо адкінулі ранейшую веру. 
 13  Да таго ж яны прывучаюцца не працаваць, цягаючыся па дамах; і ня толькі не працаваць, але і балбатаць, і рабіць непатрэбныя рэчы, гаворачы, чаго ня сьлед. 
 14  Дык хачу, каб маладыя [ўдовы] ішлі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам і не давалі супраціўніку ніякае нагоды дзеля абмаўляньня, 
 15  бо некаторыя ўжо збочылі ўсьлед за шатанам. 
 16  Калі які верны ці верная мае ўдовы, няхай падтрымлівае іх і не абцяжарвае царквы, каб яна падтрымлівала праўдзівых удоваў. 
 17  Старосты, якія кіруюць добра, дастойныя падвойнае пашаны, асабліва тыя, якія працуюць у слове і навучаньні. 
 18  Бо Пісаньне кажа: «Не закелзай вала, які малоціць», і: «Работнік варты нагароды сваёй». 
 19  Абвінавачваньне на старосту не прыймай, хіба што пры двух ці трох сьведках. 
 20  Тых, якія грашаць, дакарай перад усімі, каб і іншыя страх мелі. 
 21  Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі сьведчу [табе], каб ты захаваў гэтае без перадузятасьці, нічога ня робячы паводле прыхільнасьці. 
 22  Рукі хутка ні на кога не ўскладай і ня будзь супольнікам у чужых грахах; захоўвай сябе чыстым. 
 23  Больш ня пі ваду, але ўжывай крыху віна дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў. 
 24  Грахі некаторых людзей відочныя і вядуць на асуджэньне, а за некаторымі ідуць сьледам. 
 25  Гэтаксама і добрыя ўчынкі відочныя; і калі іначай, схавацца ня могуць.