Рым 16
 1  Даручаю ж вам Фэбу, сястру нашую, якая ёсьць служыцелькай царквы ў Кенхрэях, 
 2  каб вы прынялі яе ў Госпадзе, як дастойна сьвятым, і дапамаглі ёй, у чым яна будзе мець у вас патрэбу, бо і яна была падтрымкай для многіх і для мяне самога. 
 3  Прывітайце Прыскілу і Акілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Ісусе, 
 4  якія за душу маю падстаўлялі шыі свае, якім ня я адзін дзякую, але і ўсе цэрквы паганаў, і царкву, якая ў іхнім доме. 
 5  Прывітайце Эпэнэта, улюбёнага майго, які ёсьць зачаткам Ахаі для Хрыста. 
 6  Прывітайце Марыю, якая шмат працавала дзеля нас. 
 7  Прывітайце Андроніка і Юнію, сваякоў маіх і вязьняў са мною, якія знакамітыя між апосталаў і якія раней за мяне былі ў Хрысьце. 
 8  Прывітайце Амплія, улюбёнага майго ў Госпадзе. 
 9  Прывітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысьце, і Стахія, улюбёнага майго. 
 10  Прывітайце Апэлеса, выпрабаванага ў Хрысьце. Прывітайце тых, якія Арыстабулавы. 
 11  Прывітайце Ірадыёна, сваяка майго. Прывітайце з Наркісавых тых, якія ў Госпадзе. 
 12  Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, якія працуюць у Госпадзе. Прывітайце любую Пэрсіду, якая шмат працавала ў Госпадзе. 
 13  Прывітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, і маці ягоную і маю. 
 14  Прывітайце Асінкрыта, Флегонта, Германа, Патроба, Гермеса і братоў, якія з імі. 
 15  Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх сьвятых, якія з імі. 
 16  Прывітайце адзін аднаго ў сьвятым пацалунку. Вітаюць вас цэрквы Хрыстовыя. 
 17  Прашу вас, браты, зважайце на тых, якія робяць нязгоду і згаршэньні насуперак навуцы, якое вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх. 
 18  Бо гэткія служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, але свайму жывату, і красамоўствам ды ласкавасьцю зводзяць сэрцы нявінных. 
 19  Бо вашая паслухмянасьць вядомая ўсім, дык я радуюся дзеля вас, але хачу, каб вы былі мудрыя на добрае і шчырымі на благое. 
 20  А Бог супакою неўзабаве скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амэн. 
 21  Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, і Язон, і Сасіпатр, сваякі мае. 
 22  Вітаю вас у Госпадзе я, Тэрцый, які пісаў гэтае пасланьне. 
 23  Вітае вас Гай, гасьцінны для мяне і для ўсяе царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік гораду, і брат Кварт. 
 24  Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн. 
 25  А Таму, Які можа ўмацаваць вас паводле Эвангельля майго і пропаведзі Ісуса Хрыста, паводле адкрыцьця таямніцы, пра якую замоўчвалася ад часоў адвечных, 
 26  і якая цяпер яўлена праз прарочыя Пісаньні і, паводле загаду Адвечнага Бога, абвешчана ўсім народам, [каб прыйшлі да] паслухмянасьці веры, 
 27  Адзінаму Мудраму Богу праз Ісуса Хрыста слава на вякі. Амэн.