Эф 2
 1  І вас, мёртвых праз праступкі і грахі вашыя, 
 2  у якіх вы некалі хадзілі паводле веку гэтага сьвету, па волі князя, які валадарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорнасьці, — 
 3  між якімі і мы ўсе жылі некалі ў пажаданьнях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя, — 
 4  Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас, 
 5  і нас, мёртвых праз праступкі, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкай вы збаўленыя, — 
 6  і ўваскрасіў, і пасадзіў у нябёсах у Хрысьце Ісусе, 
 7  каб зьявіць у вяках, якія прыходзяць, бязьмернасьць багацьця ласкі Сваёй у ласкавасьці да нас у Хрысьце Ісусе. 
 8  Бо ласкаю вы збаўленыя праз веру; і гэта не ад вас — Божы дар: 
 9  не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся. 
 10  Бо мы — твор Ягоны, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх хадзілі. 
 11  Дзеля гэтага памятайце, што вы, некалі пагане целам, называныя неабрэзанымі праз тых, якія завуцца абрэзанымі целам [абразаньнем], зробленым рукамі, 
 12  што вы былі ў той час без Хрыста, адлучаныя ад грамадзянства Ізраіля і чужыя запаветам абяцаньня, ня маючы надзеі і бязбожнікі ў сьвеце. 
 13  А цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі некалі далёка, сталіся блізкімі праз кроў Хрыста. 
 14  Бо Ён — супакой наш, Які ўчыніў з абодвух адно і зруйнаваў загарадку, што стаяла пасярэдзіне, 
 15  зьнішчыўшы варожасьць Целам Сваім, Закон прыказаньняў, які быў у пастановах, каб з двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, прыносячы супакой, 
 16  і ў адным целе пагадзіць абодвух з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасьць. 
 17  І, прыйшоўшы, Ён дабравесьціў супакой вам, якія далёка і якія блізка, 
 18  бо праз Яго абодва маем доступ да Айца ў адным Духу. 
 19  Дык вы ўжо не чужынцы і ня прыхадні, але суграмадзяне сьвятым і хатнія ў Бога, 
 20  збудаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста за кутні камень, 
 21  на якім уся пабудова, разам змацаваная, расьце ў сьвятую бажніцу ў Госпадзе, 
 22  на якім і вы разам будуецеся на жытло Божае Духам.