1 Кар 2
 1  І я, прыйшоўшы да вас, браты, прыйшоў прапаведваць вам сьведчаньне Божае ня ўзвышаным словам ці мудрасьцю, 
 2  бо я судзіў ня ведаць у вас нічога, акрамя Ісуса Хрыста, і Таго, Які ўкрыжаваны. 
 3  І быў я ў вас у немачы, і ў страху, і ў вялікім трымценьні. 
 4  І слова маё, і пропаведзь мая былі не ў пераканаўчых словах чалавечае мудрасьці, але ў выяўленьні Духа і сілы, 
 5  каб вера ваша была ня ў мудрасьці чалавечай, але ў сіле Божай. 
 6  А мудрасьць мы гаворым сярод дасканалых, але мудрасьць ня гэтага веку і не князёў гэтага веку, што зьнішчаюцца, 
 7  але гаворым мудрасьць Божую, якая ў тайне, схаваную, якую прадвызначыў Бог перад вякамі на славу нашую, 
 8  якое ніхто з князёў веку гэтага не зразумеў, бо калі б зразумелі, дык не ўкрыжавалі б Госпада славы. 
 9  Але як напісана: «Вока ня бачыла, і вуха ня чула, і не ўзыходзіла на сэрца чалавека тое, што Бог прыгатаваў тым, якія любяць Яго». 
 10  А нам Бог адкрыў праз Духа Свайго, бо Дух усё дасьледуе, і глыбіні Божыя. 
 11  Бо хто з людзей ведае, што ў чалавеку, акрамя духа чалавечага, які ў ім? Гэтак і таго, што ў Бога, ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага. 
 12  А мы атрымалі ня духа сьвету, але Духа, Які ад Бога, каб ведаць, што падаравана нам ад Бога. 
 13  І гэта мы гаворым ня словамі, якімі навучыла мудрасьць чалавечая, але якіх навучыў Дух Сьвяты, параўноўваючы духоўнае з духоўным. 
 14  А душэўны чалавек ня прыймае таго, што ад Духа Божага, бо гэта глупства для яго, і ня можа зразумець, бо пра гэта судзіцца духоўна. 
 15  А духоўны судзіць усё, сам жа ён нікім ня судзіцца. 
 16  Бо хто зразумеў розум Госпада, што будзе [нешта] даводзіць Яму? А мы маем розум Хрыстовы.