Ёў 12
 1 І адказваў Ёў і сказаў; 
 2 а ўжо ж такі, толькі вы людзі, і з вамі памрэ мудрасьць! 
 3 І ў мяне ёсьць сэрца, як у вас; ня ніжэйшы я за вас; і хто ня ведае таго самага. 
 4 Пасьмешышчам зрабіўся я свайму сябру, я, хто заклікаў Бога, і каму Ён адказваў, пасьмешышчам - чалавек праведны, беспахібны. 
 5 Так, на думку таго, хто сядзіць у спакоі, пагарды вартая паходня, падрыхтаваная таму, чые ногі спатыкаюцца. 
 6 Спакойныя намёты ў рабаўнікоў і бясьпечныя ў тых, што дражняць Бога, што быццам Бога носяць на руках сваіх. 
 7 А ўжо ж такі: спытайся ў быдла, і навучаць цябе, - у птушкі нябеснай, і абвесьціць табе; 
 8 альбо пагутары зь зямлёю, і наставіць цябе, і скажуць табе рыбы марскія. 
 9 Хто ва ўсім гэтым ня ўведае, што рука Госпада стварыла гэта. 
 10 У Ягонай руцэ душа ўсяго жывога і дух усякі чалавечай плоці. 
 11 Ці ж ня вуха разьбірае словы, і ці не язык распазнае смак ежы? 
 12 У старцах - мудрасьць, і ў даўгавечных - розум. 
 13 У Яго мудрасьць і сіла; Ягоныя рада і розум. 
 14 Што Ён разбурыць, тое не адбудзецца; каго Ён увязьніць, той ня вызваліцца. 
 15 Спыніць воды, і ўсё ўсохне; пусьціць іх, і пераўтвораць зямлю. 
 16 У Яго магутнасьць і мудрасьць, прад Ім той, хто заблытвае і ўводзіць у аблуду. 
 17 Ён прыводзіць дарадцаў да неабдуманасьці і судзьдзяў робіць дурнымі. 
 18 Ён вызваляе з повязяў цароў і поясам абвязвае сьцёгны ім; 
 19 князёў пазбаўляе годнасьці і кідае ніцма адважных; 
 20 адбірае мову ў красамоўных і старцаў пазбаўляе глузду; 
 21 пакрывае сорамам знакамітых і сілу ў магутаў паслабляе; 
 22 адчыняе глыбокае зь сярэдзіны цемры і выводзіць на сьвятло цень сьмяротны; 
 23 памнажае народы і вынішчае іх; расьсявае народы і зьбірае іх; 
 24 адбірае розум у стрэйшынаў народу зямлі і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе няма дарогі; 
 25 вобмацкам ходзяць яны ў цемры без сьвятла і хістаюцца, як п'яныя.