Пс 46
 1 Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых Псальма. 
 2 Пляскайце ў далоні, усе народы, клікніце Богу голасам радасьці; 
 3 бо Гасподзь Усявышні грозны, - вялікі Цар над усёю зямлёю; 
 4 скарыў нам народы і плямёны пад ногі нашыя; 
 5 выбраў нам спадчыну нашу, красу Якава, якога палюбіў. 
 6 Узышоў Бог пад воклічы, Гасподзь пад гукі трубныя. 
 7 Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце; сьпявайце цару нашаму, сьпявайце; 
 8 бо Бог - Цар усёй зямлі; сьпявайце ўсе разумна. 
 9 Бог зацараваў над народамі, Бог сеў на сьвятым троне Сваім; 
 10 сабраліся валадары народаў да народу Бога Абрагамавага; бо шчыты зямлі - Божыя; Ён узьнесены над намі.