Пс 29
 1 Псальма Давідава пры абнаўленьні дома. 
 2 Услаўлю Цябе, Госпадзе, што Ты падняў мяне і ня даў маім ворагам перамагчы мяне. 
 3 Госпадзе Божа мой! я паклікаў Цябе, і Ты мяне вылечыў. 
 4 Госпадзе! Ты вывеў зь пекла душу маю і ажывіў мяне, каб я ня сышоў у магілу. 
 5 Сьпявайце Госпаду, сьвятыя Ягоныя, слаўце памяць сьвятыні Ягонай, 
 6 бо на хвіліну гнеў Ягоны, на ўсё жыцьцё ўпадабаньне Ягонае: увечары пачынаецца плач, а на раніцу - радасьць. 
 7 І я казаў у дабрадзействе маім: «не пахіснуся вавек». 
 8 Па ўпадабаньні Тваім, Госпадзе, Ты ўмацаваў гару маю; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я сумеўся: 
 9 Тады Цябе, Госпадзе, я клікаў, і Госпада майго я маліў: 
 10 «якая карысьць у крыві маёй, калі я сыду ў магілу? ці ж будзе тло маё Цябе славіць? ці будзе ўзьвяшчаць Тваю праўду? 
 11 пачуй, Госпадзе, і памілуй мяне, Госпадзе! будзь мне памочнікам». 
 12 І Ты скаргі мае абярнуў у радасьць, вярэту маю зьняў зь мяне і аперазаў мяне весялосьцю, 
 13 хай славіць Цябе душа мая і хай не змаўкае. Госпадзе Божа мой! буду славіць Цябе вечна.