Вых 32
 1 Калі народ убачыў, што Майсей доўга ня сыходзіць з гары, дык сабраўся да Аарона і сказаў яму: устань і зрабі нам бога, які ішоў бы перад намі; бо з гэтым чалавекам, з Майсеем, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што зрабілася. 
 2 І сказаў ім Аарон: здымеце залатыя завушніцы, якія ў вушах у вашых жонак, вашых сыноў і вашых дочак, і прынясеце мне. 
 3 І ўвесь народ зьняў залатыя завушніцы з вушэй сваіх і прынесьлі Аарону. 
 4 Ён узяў іх з рук іхніх, і зрабіў зь іх літае цяля, і абрабіў яго разцом. І сказалі яны: вось бог твой, Ізраіле, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай! 
 5 Убачыўшы гэта, Аарон паставіў перад ім ахвярнік, і абвясьціў Аарон, кажучы: заўтра сьвята Госпаду. 
 6 На другі дзень яны ўсталі рана і прынесьлі цэласпаленьні і прывялі ахвяры мірныя: і сеў народ есьці і піць, а пасьля ўстаў бавіцца. 
 7 І сказаў Гасподзь Майсею: пасьпяшайся сысьці, бо разбэсьціўся народ твой, які ты вывеў зь зямлі Егіпецкай; 
 8 хутка ўхіліліся яны ад шляху, які Я наказаў ім: зрабілі сабе літае цяля і пакланіліся яму, і прынесьлі яму ахвяры і сказалі: вось бог твой, Ізраіле, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай! 
 9 І сказаў Гасподзь Майсею: Я бачыў народ гэты, і вось, народ ён - цьвёрдахрыбетны; 
 10 дык вось, пакінь Мяне, хай запалымнее гнеў Мой на іх, і зьнішчу іх і выведу шматлікі народ ад цябе. 
 11 Але Майсей пачаў прасіць Госпада, Бога свайго, і сказаў: хай не ўспалымняецца, Госпадзе, гнеў Твой на народ Твой, які Ты вывеў зь зямлі Егіпецкай сілаю вялікаю і рукою моцнаю, 
 12 каб Егіпцяне не казалі: на пагібель Ён вывеў іх, каб забіць іх у горах і вынішчыць іх з улоньня зямлі; адхілі палымяны гнеў Твой і адмяні зьнішчэньне народу Твайго; 
 13 успомні Абрагама, Ісаака і Ізраіля, рабоў Тваіх, якім Ты прысягаў Сабою, кажучы: памнажаючы памножу семя ваша, як зоркі нябесныя, і ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам семені вашаму, і будуць валодаць ёю вечна. 
 14 І адмяніў Гасподзь ліха, пра якое сказаў, што навядзе яго на народ Свой. 
 15 І павярнуўся і сышоў Майсей з гары; у руцэ ў яго былі дзьве скрыжалі адкрыцьця, на якіх напісана было з абодвух бакоў: і на тым і на другім баку напісана было; 
 16 скрыжалі былі дзея Божая, і пісьмёны, накрэсьленыя на скрыжалях, былі пісьмёны Божыя. 
 17 І пачуў Ісус голас народу, які шумеў, і сказаў Майсею: ваяўнічы крык у табары. 
 18 Але Майсей сказаў: гэта ня крык тых, што перамагаюць, і ня лямант тых, якіх пабіваюць; я чую голас тых, што сьпяваюць. 
 19 Калі ж ён наблізіўся да табара і ўбачыў цяля і скокі, тады ён запаліўся гневам і кінуў з рук сваіх скрыжалі і разьбіў іх пад гарою; 
 20 і ўзяў цяля, якое яны зрабілі, і спаліў яго ў агні, і сьцёр на пыл, і рассыпаў па вадзе, і даў яе піць сынам Ізраілевым. 
 21 І сказаў Майсей Аарону: што зрабіў табе народ гэты, што ты ўвёў яго ў грэх вялікі? 
 22 Але Аарон сказаў: хай не загараецца гнеў гаспадара майго; ты ведаеш гэты народ, што ён буяны. 
 23 Яны сказалі мне: зрабі нам бога, які ішоў бы перад намі; бо з Майсеем, з гэтым чалавекам, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што сталася. 
 24 І я сказаў ім, у каго ёсьць золата, здымеце зь сябе. І аддалі мне; я кінуў яго ў агонь, і выйшла гэтае цяля. 
 25 Майсей убачыў, што гэта народ неакілзаны, бо Аарон дапусьціў яго да неакілзанасьці, да пасарамленьня перад ворагамі ягонымі. 
 26 І стаў Майсей у браме табара і сказаў: хто Гасподні, да мяне! І сабраліся да яго ўсе сыны Лявія. 
 27 І ён сказаў ім: так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў: пакладзеце кожны свой меч на сьцягно сваё, прайдзеце па табары ад брамы да брамы і назад, і забівайце кожны брата свайго, кожны сябра свайго, кожны блізкага свайго. 
 28 І зрабілі сыны Лявііныя паводле слова Майсея; і загінула ў той дзень з народу каля трох тысяч чалавек. 
 29 І Майсей сказаў: сёньня прысьвяцеце рукі вашыя Госпаду, кожны ў сыне сваім і браце сваім, хай пашле Ён сёньня вам дабраславеньне. 
 30 На другі дзень сказаў Майсей народу: вы зрабілі вялікі грэх; дык вось, я падымуся да Госпада, ці не загладжу грэху вашага. 
 31 І вярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: о, народ гэты зрабіў вялікі грэх, зрабіў сабе бога; 
 32 даруй ім грэх іхні; а калі не, дык сатры і мяне з кнігі Тваёй, у якую Ты ўпісаў. 
 33 Гасподзь сказаў Майсею: таго, хто зграшыў перад Мною, сатру з кнігі Маёй; 
 34 дык вось ідзі, вядзі народ гэты, куды Я сказаў табе; вось анёл Мой пойдзе перад табою, і ў дзень наведваньня Майго Я наведаю іх за грахі іхнія. 
 35 І пакараў Гасподзь народ за зробленае цяля, якое зрабіў Аарон.