Вых 23
 1 Не зважай на пустыя чуткі, не давай рукі тваёй бязбожніку, каб ня быць сьведкам няпраўды. 
 2 Ня йдзі за большасьцю на благое і не вырашай цяжбіны, адступаючы з большасьцю ад праўды; 
 3 і беднаму не патурай у цяжбіне ягонай. 
 4 Калі знойдзеш вала ворага твайго, альбо асла ягонага, які заблудзіўся, прывядзі яго да яго; 
 5 калі ўбачыш асла ворага твайго, што ўпаў пад ношкаю сваёю, дык не пакідай яго: разгрузі яго і заставайся разам зь ім. 
 6 Ня судзі навыварат цяжбіны беднага твайго. 
 7 Адыходзь далей ад няпраўды і не забівай невінаватага і справядлівага, бо я не апраўдаю благога. 
 8 Дарункаў ня прымай, бо дарункі сьляпымі робяць відушчых і перакручваюць словы справядлівых. 
 9 Прыхадня ня крыўдзі: вы ведаеце душу прыхадня, бо самыя былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай. 
 10 Шэсьць гадоў засявай зямлю тваю і зьбірай плён яе, 
 11 а ў сёмы пакідай яе ў спакоі, каб карміліся гаротныя з народу твайго, а рэштаю пасьля іх карміліся зьвяры польныя; гэтак сама рабі зь вінаграднікам тваім і з аліўнікам тваім. 
 12 Шэсьць дзён рабі справы твае, а ў сёмы дзень супакойся, каб адпачыў вол твой і асёл твой, і супакоіўся сын рабыні тваёй і прыхадзень. 
 13 Шануйце ўсё, што Я сказаў вам, і імя іншых багоў не спамінайце; хай ня чуецца яно з вуснаў тваіх. 
 14 Тры разы на год сьвяткуй Мне: 
 15 сьвяткуй сьвята праснакоў: сем дзён еж прэсны хлеб, як Я загадаў табе, у прызначаны час месяца Авіва, бо ў той час ты выйшаў зь Егіпта; і хай не зьяўляюцца прад аблічча Маё з пустымі рукамі; 
 16 сьвяткуй і сьвята жніва першых пладоў працы тваёй, якія ты сеяў на полі, і сьвята збору пладоў у канцы года, калі зьбярэш з поля працу тваю. 
 17 Тры разы на год павінен зьяўляцца ўвесь мужчынскі пол твой перад аблічча Ўладыкі, Госпада. 
 18 Не вылівай крыві ахвяры Маёй на квашанае, і тлушч ад сьвяточнай ахвяры Маёй не павінен заставацца да раніцы. 
 19 Пачаткі пладоў зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай. 
 20 Вось, я пасылаю перад табою анёла ахоўваць цябе на дарозе і ўвесьці цябе ў тую мясьціну, якую Я падрыхтаваў; 
 21 пільнуй сябе перад абліччам ягоным, і слухай голасу ягонага; не паўставай супроць яго, бо ён не даруе грэху вашага, бо імя Маё ў ім. 
 22 Калі ты будзеш слухацца голасу ягонага і выконваць усё, што скажу, дык буду ворагам ворагаў тваіх і супраціўцам супраціўцаў тваіх. 
 23 Калі пойдзе перад табою анёл Мой і павядзе цябе да Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Хананэяў, Эвэяў і Евусэяў, і зьнішчу іх, 
 24 дык не пакланяйся багам іхнім, і ня служы ім, і не пераймайся дзеямі іхнімі, скрышы іх і разбуры помнікі іхнія: 
 25 служэце Госпаду, Богу вашаму, і ён дабраславіць хлеб твой і ваду тваю; і ўхілю ад вас хваробы. 
 26 Ня будзе ў зямлі тваёй такіх, што без пары родзяць, і няплодных; лік дзён тваіх зраблю поўным. 
 27 Жудасьць Маю пашлю перад табою, і зьбянтэжу кожны народ, да якога ты прыйдзеш і буду адварочваць ад цябе ўсіх ворагаў тваіх; 
 28 пашлю перад табою шаршнёў, і яны пагоняць ад твару твайго Эвэяў, Хананэяў і Хэтэяў; 
 29 не праганю іх ад твару твайго за адзін год, каб зямля не зрабілася пустая і не памножыліся супроць цябе зьвяры польныя: 
 30 спакваля буду праганяць іх ад цябе, пакуль не памножышся і ня возьмеш у валоданьне зямлі гэтай. 
 31 Правяду межы твае ад мора Чэрмнага да мора Філістымскага і ад пустыні да ракі, бо перадам у рукі вашыя жыхароў гэтай зямлі, і прагоніш іх ад твару твайго; 
 32 не рабі ўмовы ні зь імі, ні з багамі іхнімі; 
 33 не павінны яны жыць у зямлі тваёй, каб яны не ўвялі цябе ў грэх супроць Мяне; бо калі ты будзеш служыць багам іхнім, дык гэта будзе табе сеткаю.