1 Цім 5
 1 Старца не дакарай, а ўмаўляй, як бацьку; малодшых, як братоў; 
 2 старых жанчын, як маці; маладых, як сёстраў, з поўнаю чысьцінёю. 
 3 Удоваў шануй, сапраўдных удоваў. 
 4 Калі ж якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, дык яны перш няхай вучацца шанаваць сваю сям'ю і аддзячвацца бацькам, бо гэта даспадобы Богу. 
 5 Сапраўдная ўдава і адзінокая няхай спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах дзень і ноч; 
 6 а юрлівая раскошніца жывою памерла. 
 7 І гэта ўмаўляй ім, каб былі беззаганныя. 
 8 Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага. 
 9 Удава ж няхай выбіраецца ня менш як шасьцідзесяцігадовая, якая была жонкаю аднаго мужа, 
 10 вядомая добрымі ўчынкамі, калі яна выгадавала дзяцей, прымала гасьцінна дарожнікаў, умывала ногі сьвятым, пасабляла гаротнікам і была старанная ў кожнай добрай справе. 
 11 А маладых удоваў ня прымай, бо яны, калі ўпадаюць у раскошу насуперак Хрысту, хочуць замуж; 
 12 яны падпадаюць асуджэньню, бо адкінулі ранейшую веру; 
 13 пры тым жа яны, не працуючы, прызвычайваюцца хадзіць па дамах і бываюць ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і гавораць, чаго ня сьлед. 
 14 І вось, я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, радзілі дзяцей, кіравалі ў доме і не давалі праціўніку ніякае зачэпкі для ліхаслоўя: 
 15 бо некаторыя ўжо збочылі на сьлед сатаны. 
 16 Калі які веруючы альбо веруючая мае ўдоваў, дык павінен іх задавольваць і не накідваць Царкве, каб яна магла акормліваць сапраўдных удоваў. 
 17 Прасьвітэры, якія служаць годна, вартыя адмысловага гонару, асабліва тыя, якія працуюць у слове і ў навучаньні. 
 18 Бо Пісаньне кажа: «ня цугляй мызу валу, які малоціць»; і «хто працуе, той варты ўзнагароды сваёй». 
 19 Скаргу на прасьвітэра ня іначай прымай, як пры двух альбо трох сьведках. 
 20 Грэшнікаў выкрывай перад усімі, каб і астатнія страх мелі. 
 21 Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта зь бесстароннасьцю, нічога ня робячы з прадузятасьцю. 
 22 Рук ні на кога ня ўскладвай пасьпешліва, і не бяры ўдзелу ў чужых грахах; трымай сябе чыстым. 
 23 У далейшым пі ня толькі ваду, а спажывай крыху віна, дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў. 
 24 Грахі некаторых людзей яўныя і проста вядуць да асуды, а ў некаторых выяўляюцца пазьней. 
 25 Гэтак сама і добрыя ўчынкі яўныя; а калі і не, схавацца ня могуць.