Выс 15
 1 Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць. 
 2 Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства. 
 3 Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых. 
 4 Лагодны язык - дрэва жыцьця, а неўтаймаваны - хвароба духу. 
 5 Неразумны пагарджае настаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме. 
 6 У доме ў праведніка - мноства скарбаў, а ў прыбытку ў бязбожнага - разлад. 
 7 Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў - не. 
 8 Ахвяра бязбожных - агідная Госпаду, а малітва праведных Яму даспадобы. 
 9 Агіда Госпаду - шях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць. 
 10 Ліхая кара таму, хто скрывіць дарогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне. 
 11 Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых. 
 12 Ня любіць распусьнік тых, што засьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе. 
 13 Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца. 
 14 Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю. 
 15 Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята. 
 16 Лепей мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу. 
 17 Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім нянавісьць. 
 18 Запальчывы чалавек абуджае разлад, а цярплівы суцішае свару. 
 19 Дарога ў гультая - як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая. 
 20 Мудры сын радуе бацьку, а неразумны чалавек пагарджае маці сваёю. 
 21 Дурнота - радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю. 
 22 Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца. 
 23 Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час! 
 24 Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе. 
 25 Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе. 
 26 Агіда Госпаду - намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падабаюцца Яму. 
 27 Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць. 
 28 Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое. 
 29 Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе. 
 30 Прымружвае вочы свае, каб прыдумаць хітрыну; закусваючы сабе губы, учыняе зладзейства, 
 31 Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых. 
 32 Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьцярогу, той набывае розум. 
 33 Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.