ПАСЛАНЬНЕ ДА ЭФЭСЯНАЎ  
 Эф 1
 1 Павал, воляю Божаю апостал Ісуса Хрыста, сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе: 
 2 мілата вам і мір ад Бога, Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 
 3 Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраславеньнем у нябёсах, 
 4 бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэньнем сьвету, каб мы былі сьвятыя і беспахібныя перад Ім у любові, 
 5 наперад пастанавіўшы ўсынавіць Сабе нас празь Ісуса Хрыста паводле ўпадабаньня волі Сваёй, 
 6 на хвалу славы мілаты Сваёй, якою Ён умілаваў нас у Любасным, 
 7 у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонай, дараваньне грахоў, паводле багацьця мілаты Ягонай, 
 8 якую Ён у вялікай шчодрасьці даў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні, 
 9 адкрыўшы нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабаньня, якое Ён загадзя паклаў у Ім, 
 10 на зьдзяйсьненьне паўнаты часу, каб усё нябеснае і зямное паяднаць у Хрысьце; 
 11 у Ім мы і зрабіліся спадкаемцамі, і былі наперад назначаны на тое згодна з воляй Таго, Хто ўсё чыніць паводле хаценьня волі Сваёй, 
 12 каб заслужыцца на пахвалу славы Ягонай нам, якія раней спадзяваліся на Хрыста; 
 13 у Ім і вы, пачуўшы слова праўды, абвяшчэньне вашага выратаваньня, і ўвераваўшы ў Яго, пазначаны пячаткаю абяцанага Духа Сьвятога, 
 14 Які ёсьць зарука спадчыны нашай, на адкупленьне долі Ягонай, на хвалу славы Ягонай! 
 15 Таму і я, дачуўшыся пра вашую веру ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых, 
 16 не перастаю дзякаваць за вас Богу, спамінаючы вас у малітвах маіх, 
 17 каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на спазнаньне Яго, 
 18 і прасьветліў вочы сэрца вашага, каб вы ўведалі, у чым надзея закліканьня Ягонага, і якое багацьце слаўнае спадчыны Ягонай для сьвятых, 
 19 і якая бязьмерная веліч магутнасьці Ягонае ў нас, што паверылі празь дзеяньне ўладарнае сілы Ягонай, 
 20 якою Ён узьдзейнічаў у Хрысьце, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах, 
 21 найвышэй за любое начальства і ўладу, і сілу і валадараньне, і ўсякае імя, называнае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым, 
 22 і ўсё ўпакорыў пад ногі Яму, і паставіў яго вышэй за ўсё, галавою Царквы, 
 23 якая ёсьць Цела Ягонае, поўнасьць Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.