Зах 8
 1 І было слова Госпада Саваофа: 
 2 так кажа Гасподзь Саваоф: зарупіўся Я пра Сіён руплівасьцю вялікаю, і зь вялікім гневам зарупіўся Я пра яго. 
 3 Так кажа Гасподзь: зьвярнуўся Я да Сіёна і буду жыць у Ерусаліме, і будзе называцца Ерусалім горадам праўды, і гара Госпада Саваофа - гарою сьвятыні. 
 4 Так кажа Гасподзь Саваоф: зноў старцы і старыцы сядзецьмуць на вуліцах Ерусаліма, кожны з посахам у руцэ, ад сталасьці веку свайго. 
 5 І вуліцы горада гэтага напоўняцца хлопчыкамі і дзяўчаткамі, якія гуляцьмуць на вуліцах яго. 
 6 Так кажа Гасподзь Саваоф: калі гэта ў вачах пазасталага народу здасца дзівосным у тыя дні, дык няўжо яно дзівоснае і ў вачах Маіх? кажа Гасподзь Саваоф. 
 7 Так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я ўратую народ Мой з краіны ўсходу і з краіны заходу сонца; 
 8 і прывяду іх, і будуць яны жыць у Ерусаліме, і будуць Маім народам, і Я буду іхнім Богам, у ісьціне і ў праўдзе. 
 9 Так кажа Гасподзь Саваоф: умацуйце рукі вашыя вы, хто чуе сёньня словы гэтыя з вуснаў прарокаў, якія былі пры заснаваньні дому Госпада Саваофа, для будаўніцтва храма. 
 10 Бо раней дзён тых ня было аддзякі ні чалавеку, ні аддзякі за працу жывёлам; ні адыхадню, ні прыхадню ня было спакою ад ворага; і патураў Я кожнаму чалавеку варагаваць з другім. 
 11 А сёньня рэшце народу гэтага Я не такі, як у былыя дні, кажа Гасподзь Саваоф. 
 12 Бо пасеяна будзе ў сьвеце; вінаградная лаза дасьць плод свой, і зямля дасьць плады свае, і нябёсы будуць даваць расу сваю: і ўсё гэта Я аддам у валоданьне астатку народу гэтага. 
 13 І будзе: як вы, дом Юдаў і дом Ізраілеў, былі пракляцьцем у народаў, так Я выратую вас, і будзеце дабраславеньнем; ня бойцеся; хай умацуюцца рукі вашыя! 
 14 Бо так кажа Гасподзь Саваоф: як Я вызначыў пакараць вас, калі бацькі вашыя гнявілі Мяне, кажа Гасподзь Саваоф, і не адмяніў, 
 15 так зноў Я назначыў у гэтыя дні ўтварыць добрае Ерусаліму і дому Юдаваму; ня бойцеся! 
 16 Вось дзеі, якія вы павінны чыніць: кажэце праўду адзін аднаму; па праўдзе і міралюбна судзеце каля брамаў вашых. 
 17 Ніхто з вас хай не намышляе ў сэрцы сваім ліхога супроць блізкага свайго, і ілжывай клятвы ня любеце; бо ўсё гэта Я ненавіджу, кажа Гасподзь. 
 18 І было мне слова Госпада Саваофа: 
 19 так кажа Гасподзь Саваоф: пост чацьвёртага месяца і пост пятага, і пост сёмага і пост дзясятага зробіцца дому Юдаваму радасьцю і вясёлым сьвятам; толькі любеце праўду і мір. 
 20 Так кажа Гасподзь Саваоф: яшчэ будуць прыходзіць народы і жыхары многіх гарадоў; 
 21 і пойдуць жыхары аднаго горада да жыхароў другога і скажуць: хадзем маліцца перад аблічча Госпада Саваофа; і кожны скажа: пайду і я. 
 22 І будуць прыходзіць многія плямёны і моцныя народы, каб знайсьці Госпада Саваофа ў Ерусаліме і памаліцца абліччу Госпада. 
 23 Так кажа Гасподзь Саваоф: будзе ў тыя дні, возьмуцца дзесяць чалавек з усіх рознамоўных народаў, возьмуцца за крысо Юдэя і будуць казаць: мы пойдзем з табою, бо мы чулі, што з вамі - Бог.