Пс 114
 1 Алілуя. 
Я радуюся, што Гасподзь пачуў голас мой, малітву маю, 
 2 прыхіліў да мяне вуха Сваё; і таму буду клікаць Яго ўсе дні мае. 
 3 Агарнулі мяне хваробы сьмяротныя, пакуты пякельныя агарнулі мяне; сустрэў я ўціскі і смуткі. 
 4 Тады клікнуў я імя Гасподняе: Госпадзе! уратуй душу маю. 
 5 Гасподзь літасьцівы і справядлівы, міласэрны Бог наш. 
 6 Асланяе Гасподзь прастадушных: я ўвесь зьнямог, і Ён дапамог мне. 
 7 Вярніся, душа мая, у спакой твой; бо Гасподзь умілажаліўся зь цябе. 
 8 Ты збавіў душу маю ад сьмерці, вочы мае - ад сьлёз і ногі мае - ад спатыканьня. 
 9 Буду хадзіць прад абліччам Гасподнім па зямлі жывых.