Пс 76
 1 Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Асафава. 
 2 Голас мой да Бога, і я буду клікаць; голас мой да Бога, і Ён пачуе мяне. 
 3 У дзень скрухі маёй шукаю Госпада; рука мая працягнута ўначы, і не апускаецца; душа мая ня хоча суцешанай быць. 
 4 Пра Бога згадваю, і дрыжу; разважаю, і зьнемагае мой дух. 
 5 Ты не даеш мне вачэй маіх зьмежыць; я ашаломлены, і не магу гаварыць. 
 6 Разважаю пра даўнія дні, пра гады пракаветныя; 
 7 узгадваю песьні мае начныя, гутару з сэрцам маім, і выпрабоўвае дух мой: 
 8 няўжо назаўсёды адкінуў, Гасподзь, і ня будзе больш дабраволіць? 
 9 няўжо назаўсёды міласьць Яго перастала быць, і спынілася слова Ягонае з роду ў род? 
 10 няўжо Бог забыўся мілаваць? няўжо ў гневе спыніў шчадроты Свае? 
 11 І сказаў я: вось гора маё - перамена правіцы Ўсявышняга. 
 12 Буду ўспамінаць пра дзеі Гасподнія! буду ўспамінаць пра даўнія цуды Твае. 
 13 Буду ў кожны Твой чын заглыбляцца, разважаць пра вялікія дзеі Твае. 
 14 Божа! сьвятая дарога Твая. Які Бог такі вялікі, як Бог наш! 
 15 Ты - Бог, Які творыць цуды; Ты паказаў магутнасьць Сваю сярод народаў; 
 16 Ты вызваліў народ Твой рукою сыноў Якава і Язэпа. 
 17 Бачылі Цябе, Божа, воды, бачылі Цябе воды, і напалохаліся, і скалануліся бездані. 
 18 Аблокі вылівалі воды, хмары аддавалі гром, і лёталі стрэлы Твае. 
 19 Голас грому Твайго ў коле нябесным; маланкі асьвятлялі сьвет; зямля трэслася і скаланалася. 
 20 Шлях Твой у моры, і сьцежка Твая ў водах вялікіх, і сьляды Твае невядомыя. 
 21 Як статак, вёў Ты народ Твой рукою Майсея і Аарона.