Пс 72
 1 Псальма Асафава. 
Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам! 
 2 А я - ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, - 
 3 я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных, 
 4 бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх; 
 5 на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць. 
 6 Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх; 
 7 вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца, 
 8 сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць; 
 9 вусны свае ўзносяць да неба, - а іхні язык па зямлі валачэцца. 
 10 Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п'юць ваду поўнаю чараю 
 11 і кажуць: «як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?» 
 12 І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце. 
 13 І сказаў я: ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі, 
 14 і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю? 
 15 Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, - дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх. 
 16 І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх, 
 17 пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца. 
 18 Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы. 
 19 Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў! 
 20 Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі. 
 21 Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая, 
 22 быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою. 
 23 Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку: 
 24 Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне. 
 25 Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі. 
 26 Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог - цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна, 
 27 бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца. 
 28 А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае!