Пс 38
 1 Кіроўцу хору, Ідытуму. Псальма Давідава. 
 2 Я сказаў: пільнавацьмуся дарогі сваёй, каб маім языком не грашыць; цугляцьму я вусны мае, пакуль бязбожны перада мною. 
 3 Я быў нямы і безгалосы і маўчаў нават пра добрае; і жальба мая памацнела, 
 4 запалілася сэрца маё ўва мне; у думках маіх загарэўся вагонь; я пачаў гаварыць языком маім; 
 5 скажы мне, Госпадзе, пра канец мой і лік дзён маіх, які ён, каб я ведаў, які мой век. 
 6 Вось, Ты далоняю вымераў дні мае, а век мой - як нішто прад Табою. Сапраўды, поўная марнасьць - кожны жывы чалавек. 
 7 Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід; і марны клопат яго, зьбірае і ня ведае, каму дастанецца гэта. 
 8 І сёньня чаго мне чакаць, Госпадзе? надзея мая на Цябе. 
 9 Ад усіх беззаконьняў маіх вызвалілі мяне, не аддавай мяне на паглум неразумным. 
 10 Я зрабіўся нямы, не растульваю вуснаў маіх, бо Ты ўчыніў гэта. 
 11 Ухілі ад мяне ўразы Твае; я зьнікаю ад удару пагібельнай рукі Тваёй. 
 12 Калі Ты дакорамі будзеш караць чалавека за злачынствы, рассыплецца, як ад молі, прывабнасьць ягоная. Так кожны чалавек - марны. 
 13 Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і выслухай енкі мае, ня будзь бязуважны да сьлёз маіх, бо вандроўнік я ў Цябе і прыхадзень, як бацькі мае ўсе. 
 14 Адступі ад мяне, каб я мог умацавацца, перш чым адыду і ня будзе мяне.