ІсНав 19
 1 Другое жэрабя выпала Сымону, племю сыноў Сымонавых, паводле родаў іхніх: і быў надзел іхні сярод надзелу сыноў Юдавых. 
 2 У надзеле іхнім былі: Вірсавія альбо Шэва, Малада, 
 3 Хацар-Шуал, Вала і Ацэм, 
 4 Элталад, Вэтул і Хорма, 
 5 Цыклаг, Бэт-Маркавот і Хацар-Суса, 
 6 Бэт-Леваот і Шарухен: трынаццаць гарадоў зь іх сёламі, 
 7 Аін, Рымон, Этэр і Ашан: чатыры гарады зь сёламі іх, 
 8 і ўсе сёлы, якія вакол гарадоў гэтых аж да Ваалат-Бээра, альбо паўднёвай Рамы. Вось надзел племю сыноў Сымонавых, паводле родаў іхніх. 
 9 Ад дзялянкі сыноў Юдавых выдзелены надзел племю сыноў Сымонавых. Як што дзялянка сыноў Юдавых была надта вялікая для іх, дык сыны Сымонавыя і атрымалі надзел сярод іхняга надзелу. 
 10 Трэцяе жэрабя выпала сынам Завулонавым паводле родаў іхніх, і цягнулася мяжа надзелу іхняга да Сарыда; 
 11 мяжа іх падымаецца да мора і да Маралы і прымыкае да Дабэшэта і прымыкае да патока, які перад Ёкнэамам; 
 12 ад Сарыда ідзе назад да ўсходняга боку, на ўсход сонца, да мяжы Кіслот-Тавора; адсюль ідзе да Даўрата і падымаецца да Яфіі; 
 13 адсюль праходзіць на ўсход у Гет-Хэфэр, у Іту-Кацын, і йдзе да Рымона, Мітаара і Нэі; 
 14 і паварочвае мяжа з поўначы да Ханатона і канчаецца далінаю Іфтах-Эл; 
 15 далей: Катаф, Нагалал, Шымрон, Ідэала і Віфляем: дванаццаць гарадоў зь іх сёламі. 
 16 Вось надзел сыноў Завулонавых, паводле іхніх родаў; вось гарады і сёлы іхнія. 
 17 Чацьвёртае жэрабя выпала Ісахару, сынам Ісахаравым, паводле родаў іхніх; 
 18 мяжою іх быў: Ізрээль, Кесулот і Сунэм, 
 19 Хафараім, Шыён і Анахаоат, 
 20 Равіт, Кішыён і Авец, 
 21 Рэмэт, Эн-Ганім і Бэт-Пацэц; 
 22 і прымыкае мяжа да Тавора і Шагацымы і Вэтсаміса, і канчаецца мяжа іхняя каля Ярдана: шаснаццаць гарадоў зь сёламі іх. 
 23 Вось надзел сыноў племя Ісахаравага паводле родаў іхніх; вось гарады і сёлы іхнія. 
 24 Пятае жэрабя выпала племю сыноў Асіравых, паводле родаў іхніх; 
 25 мяжою іх былі: Хэлкат, Халі, Вэтэн і Ахсаф, 
 26 Аламэлэх, Амад і Мішал; і прылягае мяжа да Карміла з заходняга боку і да Шыхор-Ліўната; 
 27 потым ідзе назад на ўсход сонца ў Вэт-Дагон і прылягае да Завулона і да даліны Іфтах-Эл з поўначы, у Бэт-Эмэк і Нэеэл, і йдзе ў Кавула, зь левага боку; 
 28 далей: Эўрон, Рэхаў, Хамон і Кана, да Сідона вялікага; 
 29 потым мяжа вяртаецца да Рамы да ўмацаванага горада Тыра, і паварочвае мяжа да Хосы і канчаецца каля мора, у мястэчку Ахзіў; 
 30 далей: Ума, Афэк і Рэхаў: дваццаць два гарады зь сёламі іх. 
 31 Вось надзел калена сыноў Асіравых, паводле плямёнаў іхніх; вось гарады і сёлы іх. 
 32 Шостае жэрабя выпала сынам Нэфталімавым, сынам Нэфталіма паводле родаў іхніх; 
 33 мяжа ішла ад Хэлэфа ад дубровы, што ў Цананіме, да Адамі-Нэкева і Яўнэіла, да Лакума, і канчалася каля Ярдана; 
 34 адсюль вяртаецца мяжа на захад да Азнот-Тавора і йдзе адтуль да Хукока, і прылягае да Завулона з поўдня, і да Асіра прылягае з захаду, і да Юды каля Ярдана, ад усходу сонца. 
 35 Гарады ўмацаваныя: Цыдым, Цэр, Хамат, Ракат і Хінэрэт, 
 36 Адама, Рама і Асор, 
 37 Кедэс, Эдрэя і Эн-Гацор, 
 38 Ірэон, Мігдал-Эл, Харэм, Бэт-Анат і Вэтсаміс: дзевятнаццаць гарадоў зь іх сёламі. 
 39 Вось надзел племю сыноў Нэфталімавых паводле родаў іхніх; вось гарады і сёлы іх. 
 40 Племю сыноў Данавых, паводле родаў іхніх, выпала жэрабя сёмае; 
 41 мяжою надзелу іхняга былі: Цора, Эштаол і Ір-Шэмэш, 
 42 Шаалавін, Аялон і Ітла, 
 43 Элон, Тымната і Экрон, 
 44 Элтэке, Гівэтон і Ваалат, 
 45 Ігуд, Бэнэ-Вэрак і Гат-Рымон, 
 46 Мэ-Яркон і Ракон зь мяжою пабліз Ёпіі. І выпаў надзел сыноў Данавых малы для іх. 
 47 І сыны Данавыя пайшлі вайною на Ласэм і ўзялі яго, і пабілі яго мечам, і атрымалі яго ў спадчыну, і пасяліліся ў ім, і назвалі Ласэм-Данам, імем Дана, бацькі свайго. 
 48 Вось надзел племю сыноў Данавых, паводле родаў іхніх; вось гарады і сёлы іхнія. 
 49 Калі закончылі падзел зямлі, паводле межаў яе, тады сыны Ізраілевыя далі сярод сябе надзел Ісусу, сыну Нава: 
 50 паводле загаду Гасподняга далі яму горад Тамнат-Сараі, якога ён прасіў, на гары Яфрэмавай; і паставіў ён горад і жыў у ім. 
 51 Вось надзелы, якія Элеазар сьвятар, Ісус, сын Наваў, і правадыры пакаленьняў падзялілі плямёнам сыноў Ізраілевых, паводле жэрабя, у Сіломе, перад абліччам Гасподнім, каля ўваходу ў скінію сходу. І закончылі падзел зямлі.