Ас 7
 1 Калі Я лекаваў Ізраіля, адкрылася няпраўда Яфрэмава і зладзейства Самарыі; бо яны паводзяцца ілжыва; і ўваходзіць злодзей, і разбойнік рабуе на вуліцах. 
 2 Ня думаюць яны ў сэрцы сваім, што Я памятаю ўсе ліхадзействы іхнія; цяпер вакол іх учынкі іхнія; яны - перад абліччам Маім. 
 3 Ліхадзействам сваім яны вяселяць цара і падманамі сваімі - князёў. 
 4 Усе яны палаюць пералюбствам, як печ, напаленая пекарам, які перастае паліць яе, калі замесіць цеста і яно ўкісьне. 
 5 «Дзень нашага цара!» кажуць князі, разгарачаныя да хваробы віном, а ён працягвае руку сваю да блюзьнераў. 
 6 Бо яны хітрынай сваёю робяць сэрца сваё падобным да печы: пекар іхні сьпіць усю ноч, а раніцай яна гарыць як палымяны агонь. 
 7 Усе яны распалены, як печ, і пажыраюць судзьдзяў сваіх; усе цары іхнія падаюць, і ніхто зь іх не зьвяртаецца да Мяне. 
 8 Яфрэм зьмяшаўся з народамі, Яфрэм стаў як непавернуты хлеб. 
 9 Чужыя пажыралі сілу ягоную, - і ён не заўважаў; сівізна пакрыла яго, а ён ня ведае. 
 10 І гонар Ізраіля прыніжаны ў вачах іхніх, - і пры ўсім гэтым яны не зьвярнуліся да Госпада Бога свайго і не знайшлі Яго. 
 11 І зрабіўся Яфрэм, як дурны голуб, бяз сэрца: клічуць Егіпцянаў, ідуць у Асірыю. 
 12 Калі яны пойдуць, Я закіну на іх сетку Маю; як птушак нябесных скіну іх; пакараю іх, як чула зборня іхняя. 
 13 Гора ім, што яны адышлі ад Мяне; пагібель ім, што яны адпаліся ад Мяне! Я ратаваў іх, а яны ілжу казалі на Мяне. 
 14 І не зьвярталіся да Мяне сэрцам сваім, калі галасілі на ложках сваіх; зьбіраюцца дзеля хлеба і віна, а ад Мяне аддаляюцца. 
 15 Я наводзіў іх на розум, а яны намышлялі ліхое супроць Мяне. 
 16 Яны зьвярталіся, але не да Ўсявышняга, зрабіліся - як ненадзейны лук; загінуць ад меча князя іхняга за дзёрзкасьць языка свайго; гэта будзе пасьмяяньне зь іх у зямлі Егіпецкай.